Афіцыйны Менск толькі праз тры дні пасля заявы Уладзіміра Пуціна аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі расейскай ядравай зброі і будаўніцтве сховішча для тактычнай ядравай зброі, пацвердзіў гэтую інфармацыю.
Заяву апублікавала МЗС Беларусі. У сваім каментары на запыт расейскага дзяржагенцтва ТАСС, дыпведамства адзначыла, што размяшчэнне ядравых боезарадаў на тэрыторыі Беларусі без перадачы Менску кантролю за імі, а таксама доступу да адпаведных тэхналогіяў, ніякім чынам не супярэчаць міжнародным дамоўленасцям.
«Беларусь робіць вымушаныя дзеянні ў адказ па ўмацаванні ўласнай бяспекі і абараназдольнасці. Ваеннае супрацоўніцтва Беларусі і Расеі ажыццяўляецца ў строгай адпаведнасці з міжнародным правам. Навучанне беларускіх пілотаў, здольных кіраваць самалётамі са спецыфічнымі боепрыпасамі, мадэрнізацыя такіх самалётаў, роўна як і размяшчэнне ядравых боезарадаў на тэрыторыі Беларусі без перадачы Менску кантролю за імі, а таксама доступу да адпаведных тэхналогіяў, ніякім чынам не супярэчаць палажэнням артыкулаў I і II ДНЯЗ (Дагавор аб нераспаўсюджанні ядравай зброі)», – гаворыцца ў паведамленні МЗС.
Пры гэтым у беларускім МЗС абмяркоўваць гэтае пытанне са звычайнымі грамадзянамі адмовіліся.
«Гэтае пытанне ў кампетэнцыі Мінабароны, таму, калі вы хочаце гэта з кімсьці абмеркаваць, то вам трэба непасрэдна з імі размаўляць», – заявілі нам у МЗС.