У рамках Dubai Unlocked журналісты БРЦ высветлілі, на што клан сербскіх бізнесоўцаў Карычаў, вядомы сувязямі з сям'ёй Аляксандра Лукашэнкі, мог выдаткаваць заробленае ў Беларусі. Бізнесоўцы і іх сваякі набылі як мінімум шэсць кватэр у ААЭ, таксама яны ўкладаюцца ў нерухомасць у Лондане.
Звязаныя з Карычамі кампаніі маглі быць намінальнымі ўласнікамі рэзідэнцыі Лукашэнкі «Усход» — жылога комплексу на беразе Менскага мора. Афшоры, на якія была аформлена рэзідэнцыя, былі звязаны з кампаніяй Карычаў Dana Holdings. Пра гэта кажуць узаемаразлікі і фінансавыя справаздачы за 2019 і 2020 гады.
Журы асацыяцыі дзелавых журналістаў SABEW (Society for Advancing Business Editing and Writing) адзначыла, што «маштаб і складанасць гэтага праекту перасягнулі яго канкурэнтаў у гэтай катэгорыі, у якой было некалькі дужых прэтэндэнтаў». Узнагароды Асацыяцыі ў іншых катэгорыях сёлета атрымалі такія выданні як The New York Times, Bloomberg, Wired, The Wall Street Journal і іншыя.
Асацыяцыю бізнес журналістаў SABEW заснавалі ў 1964 годзе ў ЗША. Місія асацыяцыі — «падтрымваць усёахопнае і этычнае асвятленне [падзей] без страху ці староннасці».