Навіны

27 чэрвеня 2023

У першы год вайны ў краіны Еўропы эмігравалі больш за 20 тысяч беларусаў. Гэта рэкорд як мінімум за 10 гадоў

У падліках не ўлічвалася Польшча, якая не публікуе аператыўныя дадзеныя па міграцыі з разбіўкай па краінах або грамадзянству тых, хто зʼехаў.

У 2022 годзе ў шэраг еўрапейскіх краін эмігравалі 20 222 жыхары Беларусі, падлічыў БРЦ на аснове даных статыстычных службаў 7 дзяржаваў, якія публікуюць інфармацыю пра беларусаў.

Больш за ўсё беларусаў – 14 890 чалавек – уехалі ў Літву. Гэта максімум з 2001 года. На другім месцы – Германія. Туды эмігравалі 4 147 чалавек. Паказнік вырас удвая ў параўнанні з сярэдняй колькасцю мігрантаў за апошнія 10 гадоў.

Таксама да рэкордных за 10 гадоў паказнікаў вырасла колькасць беларускіх эмігрантаў у Фінляндыі (212 чалавек), Даніі (112 чалавек) і Нарвегіі (160 чалавек).

У двух краінах (з тых, якія апублікавалі дадзеныя за 2022 год) колькасць эмігрантаў з Беларусі крыху знізілася ў параўнанні з пікавым 2021 годам. У Латвію прыехалі 354 беларуса, а ў Эстонію – 347. Годам раней – 555 і 391 адпаведна.

Каго менавіта ў статыстыцы лічаць эмігрантамі, у базах не ўказана. Існуюць розныя падыходы іх уліку, напрыклад у Расеі такімі лічаць тых, хто ўехаў у краіну для пастаяннага пражывання.

У падліках не ўлічвалася Польшча, якая не публікуе аператыўныя дадзеныя па міграцыі з разбіўкай па краінах або грамадзянству тых, хто пераехаў. Няма актуальных дадзеных і па атрыманых ВНЖ і ПМЖ грамадзянамі Беларусі. У 2021 годзе дазвол на пастаяннае пражыванне атрымалі 7235 беларусаў – рэкорд як мінімум з 2005 годам.

Таксама не ўлічваліся і іншыя краіны, куды ў 2022 годзе ўехалі беларусы – Чэхія, Аўстрыя і некаторыя іншыя. Яны не публікуюць аператыўную статыстыку з разбіўкай па гадах або краінах.