Кампенсаваць вялізныя страты на фронце ўдаецца з вялікімі цяжкасцямі.

Журналісты Financial Times прааналізавалі страты Расеі ў вайне з Украінай і высветлілі, як доўга Крэмль зможа працягваць баявыя дзеянні і дабівацца поўнай анексіі суседняй дзяржавы. У прыватнасці, яны вывучылі чатыры ключавыя вобласці: колькасць жывой сілы на полі бою, запас боепрыпасаў, эканамічны рэсурс і падтрымку з боку цывільнага насельніцтва Расеі.

Узбраенне і тэхніка

Па дадзеных Financial Times, нават з улікам таго, што расейскія абаронныя прадпрыемствах ва ўмовах вайны працуюць па 24 гадзіны ў дзень, кампенсаваць велізарныя страты на фронце атрымоўваецца з вялікімі цяжкасцямі. З пачатку ўварвання, паводле слоў кіраўніка Мінабароны Вялікай Брытаніі Бэна Уолеса, расейская армія страціла не менш як 4500 адзінак баявой тэхнікі, 63 самалёты, 70 верталётаў, 150 беспілотнікаў, 12 ваенна-марскіх судоў і звыш 600 артылерыйскіх сістэм. Пры гэтым, паводле звестак украінскага боку, гэтыя страты амаль у два разы вышэйшыя.

У агульны лік расейскіх страт уваходзіць да 2300 танкаў, палова з якіх былі адносна сучаснымі. Як піша FT са спасылкай на Міжнародны інстытут стратэгічных даследаванняў, нягледзячы на тое, што зараз Расея разгортвае яшчэ каля 1800 машын і мае яшчэ 5000 у рэзерве, многія з іх захаваліся яшчэ з часоў СССР і знаходзяцца ў жаласным стане.

Аналагічная сітуацыя склалася і з ракетамі дальнасцю больш за 300 км. З-за гэтага расейскім войскам прыйшлося выкарыстоўваць снарады для сістэм СПА С-300. А па дадзеных амерыканскага ўрада, піша FT, Расея зможа падтрымліваць цяперашнюю інтэнсіўнасць ракетных і артылерыйскіх абстрэлаў толькі да канца першага квартала 2023 года, бо цалкам спраўных боепрыпасаў ужо не хапае.

Вырабіць новае ўзбраенне ва ўмовах санкцый Расеі ўдаецца з цяжкасцю. Па дадзеных выдання, аглядаючы расейскую тэхніку, украінскія вайскоўцы выявілі, што ў ёй выкарыстоўваюцца кампаненты бытавой тэхнікі, у прыватнасці, пральных машын. Па словах даследчыка Школы права і дыпламатыі Флетчара ва Універсітэце Тафтса Паўла Лузіна, у Расеі ёсць камплектуючыя толькі для часткі ваеннай тэхнікі і боепрыпасаў, аднак яны скончацца да 2025 года.

Чалавечы рэсурс

Сітуацыя на фронце таксама вымушае жадаць лепшага, бо нават з улікам 300 тыс. мабілізаваных рэзервістаў, вайскоўцаў у расейскай арміі не хопіць для прарыву і захопу новых тэрыторый. Старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту даследаванняў вонкавай палітыкі Роб Лі мяркуе, што жывой сілы хопіць толькі на падтрыманне баявых дзеянняў і ўтрыманне акупаваных тэрыторый.

Паводле кіраўніка Мінабароны Расеі Сяргея Шайгу, мабілізацыйны рэсурс Расеі – 25 млн чалавек з ваенным вопытам. Аднак аналітыкі апытаныя FT мяркуюць, што гэтая лічба далёкая ад рэальнасці.

Як растлумачыў Павел Лузін, да вайны ў расейскім войску было каля 740 тыс. – 780 тыс. чалавек. Пры гэтым у баявой гатоўнасці знаходзіліся толькі 168 тыс. вайскоўцаў, яшчэ 100 тыс. служылі ў рэзерве. Усе астатнія былі дапаможным персаналам. Паводле ацэнак афіцыйных асоб ЗША, страты Расеі забітымі і параненымі складаюць больш за 50 тыс. чалавек. Так, да канца лета каля 50 працэнтаў расейскіх паветрана-дэсантных войскаў больш не маглі ўдзельнічаць у баявых дзеяннях. Убачыўшы недахоп жывой сілы, украінская армія пачала рыхтаваць контрнаступленне.

Каб кампенсаваць страты, Пуцін абʼявіў аб мабілізацыі 300 тыс. чалавек. Дырэктар праграмы вывучэння Расеі ў аналітычным цэнтры CNA Майкл Коман мяркуе, што палова ўсіх рэзервістаў усё яшчэ знаходзіцца на навучанні і пакуль не можа ўдзельнічаць у баявых дзеяннях.

Цяпер сярод расейцаў каля 30 млн мужчын баяздольнага ўзросту, але з іх толькі 9-10 млн маюць ваенны досьвед, лічыць спецыяліст па дэмаграфіі Ігар Яфрэмаў. У гэтую колькасць таксама ўваходзяць людзі, непрыдатныя да службы. Акрамя таго, з-за расейскага ўварвання ва Украіну з Расеі зʼехалі каля 500 тыс. расейцаў, большасць з якіх – мужчыны баяздольнага ўзросту. Такім чынам, прыцягнуць да баявых дзеянняў падчас новай хвалі мабілізацыі можна будзе толькі некалькі мільёнаў чалавек. Але нават у такім выпадку, у расейскага войска можа проста не хапіць рэсурсаў, каб навучыць, узброіць і размясціць усіх гэтых людзей.

Акрамя таго, новая хваля мабілізацыі, сцвярджае эксперт, справакуе паніку і баяздольнае насельніцтва, якое яшчэ застаецца ў краіне, пачне масава эміграваць.

Эканоміка

У студзені Пуцін заявіў, што прагнозы аб эканамічным краху Расеі не апраўдаліся і замест 10-20% ВУП краіны ўпаў усяго на 2, 1%. Аднак, як піша FT, паводле апошніх звестак, у 2023 годзе такая тэндэнцыя не захаваецца. Толькі ў студзені гэтага года даходы расейскай энергетыкі ўпалі на 46% у гадавым вылічэнні, а ваенныя расходы наадварот узраслі. І гэта пры тым, што энергетычныя даходы Расеі складаюць каля 40% усяго дзяржаўнага прыбытку.

Каб кампенсаваць страты і ўліваць дастатковую колькасць сродкаў у абарону, Крэмль рыхтуецца скараціць бюджэтныя выдаткі. Разам з тым, уладам, хутчэй за ўсё, давядзецца звярнуцца да даўгавых рынкаў.

Па словах прафесара бізнес-школы IE Максіма Міронава, урад Расеі таксама можа скараціць некаторыя неваенныя выдаткі і адмовіцца ад інвестыцый у інфраструктуру, рамонт дарог і гэтак далей. Але гэта, у сваю чаргу, адабʼецца на ўзроўні грамадскай падтрымкі так званай «СВА».

Народная падтрымка

Расейскае грамадства вайну ва Украіне таксама падтрымлівае без асаблівага энтузіязму. Калі ў верасні Пуцін абвясціў аб «далучэнні» да Расеі чатырох украінскіх рэгіёнаў, на Чырвонай Плошчы ў Маскве сабраўся мітынг са 180 тыс. чалавек. Аднак, як толькі мерапрыемствы скончылася, піша FT, людзі адразу ж выстраіліся ў чаргу да аўтобусаў, каб іх развезлі па дамах. Гэта, па словах журналістаў, відавочная прыкмета таго, што мітынг быў масоўкай, якой Крэмль заплаціў за ўдзел. Адсутнасць шчырай эйфарыі наконт адной з самых знакавых падзей у вайне, гаворыць аб напружанні ў расейскім грамадстве, лічаць аўтары артыкула.

Паводле расейскага дзяржаўнага сацыялагічнага цэнтру ВЦИОМ і незалежнага Левада-Цэнтра, вайну ў Украіне падтрымліваюць каля 73% расейцаў. Аднак, па словах апытаных FT аналітыкаў, цэнзура і прыгнечанне іншадумства ў Расеі прымусіла сотні тысяч людзей зʼехаць з краіны. А турэмнае зняволенне на тэрмін да 15 гадоў, якое пагражае ўсім, хто публічна называе тое, што адбываецца ва Украіне вайной, не дазваляе адэкватна ацэньваць рэальную колькасць прыхільнікаў і праціўнікаў «СВА».

Акрамя таго, яшчэ да ўвядзення крымінальнай адказнасці за «дыскрэдытацыю» расейскай арміі і распаўсюджванне «фэйкаў», каля 15% рэспандэнтаў мянялі свае адказы ў залежнасці ад таго, як было сфармулявана пытанне, паказвае FT.

Таксама сітуацыю прыкметна пагоршыла вераснёўская мабілізацыя. Пасля гэтага рашэння Пуціна 47% рэспандэнтаў, апытаных Левада-цэнтрам, заявілі, што адчуваюць трывогу і страх, 13% – гнеў. Гонар у сувязі з гэтым адчулі 23% апытаных.

Прааналізаваўшы ўсе гэтыя дадзеныя, журналісты FT прыйшлі да высновы, што ў Расеі няма рэсурсу для правядзення рашучых наступаў ва Украіне. Аднак сіл Крамля хопіць на тое, каб утрымліваць існыя пазіцыі і працягваць баявыя дзеянні яшчэ нейкі час.