Як часта ўлады Беларусі і Расеі ішлі ў нагу і капіявалі законы адзін аднаго

13 студзеня спікер расейскай Дзярждумы Вячаслаў Валодзін прапанаваў прыняць «закон для нягоднікаў», які дазваляў бы канфіскоўваць маёмасць у тых, хто пакінуў Расею і працягвае адкрыта крытыкаваць пуцінскі рэжым. Дзесяць дзён таму аналагічны закон, які дазваляе канфіскоўваць маёмасць грамадзян і юрыдычных асоб дзяржавы за «недружалюбныя дзеянні ў адносінах да Беларусі», падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Мы вырашылі ўзгадаць, як часта ўлады Беларусі і Расеі ішлі ў нагу і капіявалі законы адзін аднаго.

Час заўсёды летні

У Еўропе ад пераходу на зімовы час адмовіліся толькі тры краіны: Ісландыя, Беларусь і Расея. Прычым апошнія прынялі гэтае рашэнне практычна сінхронна ў 2011 годзе. Падчас свайго прэзідэнцтва Дзмітрый Мядзведзеў адмяніў пераход на зімовы час у Расеі, і тады ж аналагічную пастанову выпусціў Савет Міністраў РБ.

Пенсійная рэформа

Першым закон аб павышэнні пенсійнага ўзросту падпісаў Аляксандр Лукашэнка ў 2017 годзе. Згодна з дакументам, пенсіённы ўзрост у Беларусі да 2022 года быў павышаны да 63 гадоў для мужчын і 58 гадоў для жанчын. У Расеі Пуцін падпісаў аналагічны дакумент у 2018 годзе. У ім праграма павышэння пенсійнага ўзросту разлічана на 10, а не на пяць гадоў – да 2028 года. А сам пенсійны ўзрост да гэтага часу павінен дасягнуць 65 гадоў для мужчын і 60 гадоў для жанчын.

Канстытуцыя

У 2020 годзе Уладзімір Пуцін падпісаў закон аб зменах у Канстытуцыю Расеі, а праз два гады аналагічныя змены пасля рэферэндуму ўнёс у беларускую Канстытуцыю і Аляксандр Лукашэнка. Прынятыя і ў Расеі, і ў Беларусі змены аказаліся вельмі падобныя. У прыватнасці, Пуцін і Лукашэнка абнулілі свае прэзідэнцкія тэрміны, вызначылі шлюб як «саюз мужчыны і жанчыны» і назвалі патрыятызм абавязкам кожнага грамадзяніна.