На момант публікацыі ў расейскіх рэгіёнах працуюць або будуюцца пяць заводаў «Амкадор».

З пачаткам вайны ва Украіне еўрапейскія і амерыканскія кампаніі спынілі пастаўкі шматлікіх прамысловых тавараў у Расею: ад станкоў і абсталяванні да запасных частак да рознай тэхнікі. Гэта выкарыстоўвае беларускі прадпрымальнік Аляксандр Шакуцін, які знаходзіцца пад санкцыямі за падтрымку Лукашэнкі. «Амкадор», уладальнікам якога ён зʼяўляецца, займае нішы, якія вызваліліся на расейскім рынку. У тым ліку на льготных умовах.

На момант публікацыі ў расейскіх рэгіёнах працуюць або будуюцца пяць заводаў «Амкадор». На прадпрыемстве «Амкадор-Бранск» вырабляюць дарожна-будаўнічую, камунальную, сельскагаспадарчую тэхніку. На «Амкадор-Анега» у Петразаводску (Карэлія) – лесанарыхтоўчыя камбайны (харвестэры) і машыны для пагрузкі і транспарціроўкі лесу (фарвардэры). Ва Уфе (Башкартастан) заканчваецца будаўніцтва заводу сельгасабсталявання для апрацоўкі збожжа «Амкадор-Агідэль». У 40 км ад Санкт-Пецярбургу будуюць завод «Эксам» па вытворчасці камунальнай і сельгастэхнікі. У Ліпецку ствараюць машынабудаўнічы кластар «Амкадор-ЛТЗ» са спецыялізацыяй па выпуску трактароў.

Дырэктары гэтых заводаў – акрамя бранскага – беларусы. «Амкадор-Агідэль» узначальвае былы памочнік Лукашэнкі па Менску і да 2019 года кіраўнік Менскага трактарнага заводу Фёдар Дамаценка. «Эксам» – былы супрацоўнік аддзялення беларускай амбасады ў Санкт-Пецярбургу Ігар Заламай.

Усе гэтыя прадпрыемствы атрымліваюць дзяржпадтрымку ў Расеі: працуюць на льготных умовах крэдытавання або атрымання зямлі, уваходзяць у асаблівыя эканамічныя зоны.

У ліпені 2023-га на 13-й Міжнароднай прамысловай выставе «Інапрам» у Екацярынбурзе Аляксандр Шакуцін распавёў аб дасягненнях «Амкадора» на расейскім рынку ў 2022 годзе і падзяліўся амбітнымі планамі на 2023-й.

«Па выніках мінулага года мы занялі каля 10 працэнтаў рынку Расеі і Беларусі, у бягучым годзе наша задача павялічыць долю да 50 працэнтаў».

Пашыраючы ўплыў на расейскім рынку, «Амкадор» не толькі займае нішу, якая вызвалілася пасля сыходу замежных кампаній з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне, але і паспяхова пры гэтым абыходзіць заходнія абмежаванні. А яго ўладальнік, бізнесовец з санкцыйнага спісу, нарошчвае прыбытак дзякуючы эмбарга, накладзенаму на Расею. Прыклад гэтага кампанія «Амкадор-Онего», якая збірае тэхніку з кампанентаў заходніх вытворцаў. Падрабязней пра гэта чытайце ў расследаванні «Бульдозерам па санкцыях. Як уладальнік «Амкадора» Аляксандр Шакуцін зарабляе насуперак і дзякуючы эмбарга».