Навіны

17 кастрычніка 2023

Не «Амкадорам» адзіным, або Як яшчэ бізнесмен Шакуцін абыходзіць еўрапейскія санкцыі. Новае расследаванне БРЦ

Пастаўляе імпартную тэхніку зарэгістраваная ў Нямеччыне кампанія SV Maschinen GmbH, якая ў Расеі і Беларусі вядомая пад гандлёвай маркай «СВ Машыны».

Крыніца: TUT.BY / Аляксандр Шакуцін
Фірма, зарэгістраваная ў Нямеччыне. Беларускі бізнесмен з санкцыйных спісаў ЕЗ. Заходнія вытворцы, якія заявілі аб сыходзе з рынкаў Беларусі і Расеі. Паралельны імпарт пад выглядам імпартазамяшчэння. Усё гэта – элементы новага расследавання БРЦ аб набліжаным да Лукашэнкі Аляксандры Шакуціне.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне замежныя вытворцы сельскагаспадарчай і будаўнічай тэхнікі адмовіліся ад супрацы з Расеяй і Беларуссю. Напрыклад, карпарацыя CNH Industrial, вядомая брэндамі Case IH і New Holland Agriculture, выпусціла афіцыйную заяву аб прыпыненні паставак на расейскі і беларускі рынкі адразу пасля пачатку вайны і прадала расейскіх дачок. Кампанія Amazone заявіла, што прыпыніць пастаўкі ў сакавіку 2022 года.

Аднак у чэрвені тэхніка гэтых вытворцаў зʼявілася на выставе «Белагра-2023». Там яе ў якасці афіцыйнага дылера прадставіла кампанія «СВ Машыны». Акрамя таго, на афіцыйным сайце фірмы ў ліпені гэтага года апублікавалі інфармацыю аб паступленні флагманскіх збожжаўборачных камбайнаў New Holland вытворчасці CNH Industrial на склад у Новым Двары.

Пастаўляе імпартную тэхніку зарэгістраваная ў Нямеччыне кампанія SV Maschinen GmbH, якая ў Расеі і Беларусі вядомая пад гандлёвай маркай «СВ Машыны». У мытных таварных накладных за 2023 год, якія вывучыў БРЦ, гаворыцца, што гэтая кампанія ўвозіла з ЕЗ у Расею тэхніку амерыкана-італьянскай CNH Industrial, нямецкай Amazone, шведскай Vaderstad AB, дацкай Samson Agro і амерыканскай Deere&Company. Апошняя таксама афіцыйна пайшла з Расеі пасля пачатку вайны.

З красавіка па канец чэрвеня 2023 года SV Maschinen GmbH паставіла ў Расею 50 тавараў на агульны кошт больш за €12,5 млн. У 2021 годзе гэтая сума была ў 20 разоў меншая і не перавысіла €630 тыс. Як атрымалася высветліць БРЦ, за нямецкай фірмай стаіць уладальнік «Амкадора», беларускі бізнесовец Аляксандр Шакуцін, пра якога мы пісалі ў нашых мінулых расследаваннях.

Як кампанія, звязаная з прадпрымальнікам з санкцыйнага спісу ЕЗ, зарабляе на імітацыі імпартазамяшчэння заходняй тэхнікі? Каб даведацца, глядзіце прэмʼеру нашага новага расследавання на ютуб-канале БРЦ 18 кастрычніка ў 18:30 па Менску і чытайце на нашым сайце ў раздзеле «Расследаванні».