У рамках працы над расследаваннем «Кошт візіту ў Абхазію. Ці прамяняў Лукашэнка нацыянальныя інтарэсы на ўчастак ля мора» БРЦ накіраваў афіцыйны запыт у Генеральную пракуратуру непрызнанай рэспублікі. Журналісты папрасілі растлумачыць, ці правярала ведамства здзелку па перадачы прыбярэжнага зямельнага ўчастка плошчай 20 га кампаніі «Жемчужина 2010» на наяўнасць карупцыйных дзеянняў.
У адказе пракуратуры за подпісам генеральнага пракурора А.Н. Агрба сказана, што рэагаваць на расследаванне БРЦ ведамства лічыць немэтазгодным, а «мэтай такіх абвінавачванняў з'яўляецца дыскрэдытацыя адносін Рэспублікі Абхазія і Рэспублікі Беларусь і непасрэдна прэзідэнта А.Р. Лукашэнкі».
«Аляксандр Рыгоравіч па праве з'яўляецца адным з самых аўтарытэтных дзяржаўных дзеячаў сучаснасці, узорам адказнага кіраўніка, які цвёрда адстойвае інтарэсы свайго народа, які карыстаецца павагай у нашай краіне», — паведамілі нам у Генпракуратуры і дадалі, што «ў выпадку паўтарэння падобных правакацыйных зваротаў у адрас дзяржаўных структур Рэспублікі Абхазія іх аўтары будуць неадкладна адпраўленыя па вядомым маршруце руху, які складаецца з трох літар».
У верасні 2022 года Аляксандр Лукашэнка наведаў Абхазію і сустрэўся з яе лідарам Асланам Бжанія. На наступны дзень пасля паездкі прэм'ер непрызнанай рэспублікі ўхваліў прапанову аб перадачы ТАА «Жемчужина 2010» участка ў сяле Кындыг Ачамчырскага раёна пад будаўніцтва санаторна-курортнага комплексу.
Як высветліў БРЦ, у кампаніі «Жемчужина 2010» два ўладальнікі: 10% аформлена на грамадзяніна Абхазіі Дато Квіцынію, а 90% — на беларускую фірму «Тэрмалія», якая належыць былому супрацоўніку Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі.
Фактычна кампаніяй кіруюць Мікалай Селіванаў, былы першы намеснік кіраўніка справамі Лукашэнкі. Яго былы кіраўнік і кіраўнік ведамства — блізкі паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман. Нягледзячы на тое, што Шэйман больш не займае афіцыйных пасад, ён асабіста суправаджаў Лукашэнку падчас візіту ў Абхазію ў верасні 2022 года.
Сабраныя БРЦ факты паказваюць, што за кампаніяй «Жемчужина 2010» могуць стаяць інтарэсы самога Аляксандра Лукашэнкі.