Навіны

13 лютага 2023

На беларуска-літоўскай мяжы затрымана фура з угнаеннямі «Горадні Азоту»

Угнаенні пагрузілі ў яго машыну на прадпрыемстве «Горадня Азот», якое знаходзіцца пад еўрапейскімі санкцыямі, а ўвоз яго прадукцыі на тэрыторыю Еўрапейскага Звязу забаронены.

13 лютага на беларуска-літоўскай мяжы ў памежным пункце пропуску Райгардарс (з боку Беларусі – Прывалка) прадстаўнікі Рабочага Руху сумесна з беларускімі актывістамі заблакавалі ўвоз на тэрыторыю ЕЗ прадукцыі заводу з Беларусі, які знаходзіцца пад санкцыямі.

Нашыя журналісты прысутнічалі пры спыненні руху аднаго з такіх рэйсаў сябрамі «Рабочага Руху» і іншымі беларускімі актывістамі. На месца інцыдэнту прыехала літоўская паліцыя. Паліцыянты плануюць выклікаць мытную службу.

Акцыя на літоўска-беларускай мяжы
Крыніца: БРЦ

Мы працуем над расследаваннем аб увозе беларускіх угнаенняў у ЕЗ у абыход санкцый. Пры падрыхтоўцы матэрыялу мы сутыкнуліся з цэлай сеткай маршрутаў па перавозцы падсанкцыйных угнаенняў з Беларусі ў ЕЗ.

Кіраўніку Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіславу Івашкевічу ўдалося паразмаўляць з кіроўцам, які прызнаў: угнаенні пагрузілі ў яго машыну на прадпрыемстве «Горадня Азот», якое знаходзіцца пад еўрапейскімі санкцыямі, а ўвоз яго прадукцыі на тэрыторыю ЕЗ забаронены.