«Вакансіі зараз пераглядаюць, іх будзе менш. Хутка мы выправім гэтую лічбу», – сказалі БРЦ на МТЗ.

Колькасць вакансіяў на Менскім трактарным заводзе за год вырасла ў тры разы, высветліў БРЦ, вывучыўшы дзяржаўную базу банку вакансіяў і архіўныя даныя.

На 20 чэрвеня па запыце «ААТ «МТЗ»» налічвалася 1994 вакансіі. Усе яны свежыя, самую раннюю апублікавалі 5 чэрвеня. Год таму на прадпрыемстве было адкрыта 693 вакансіі.

Патрэба ў кадрах на заводзе пачала расці ў канцы вясны мінулага года. За пару месяцаў прадпрыемства адкрыла больш за 300 вакансіяў. А з чэрвеня па снежань мінулага года – яшчэ амаль 900.

У 2021 годзе на МТЗ працавалі каля 15 400 чалавек. Цяпер на амаль 13% месцаў ад гэтай колькасці шукаюць працоўнікаў.

Мы патэлефанавалі ў кадравую службу заводу – там не змаглі растлумачыць, чаму на прадпрыемстве зʼявілася столькі прапаноў.

«Вакансіі зараз пераглядаюць, іх будзе менш. Хутка мы выправім гэтую лічбу. Пераглядаюць проста саму вытворчасць», – сказалі БРЦ на МТЗ.

Пасля выбараў у 2020 годзе і пратэстаў супраць фальсіфікацыі іх вынікаў, як пісалі СМІ, на заводах прайшлі чысткі нелаяльных супрацоўнікаў. Аляксандр Лукашэнка заявіў: «У нас залішняя колькасць [работнікаў] на МТЗ, МАЗе, БелАЗе – усюды. Няхай ідуць [на пратэсты]. Але на заводах ім пасля гэтага месца быць не павінна».

У 2021 годзе кадравае пытанне на МТЗ, паводле работнікаў прадпрыемства, ва ўсіх падраздзяленнях узнімалася неаднаразова. Тады кіраўніцтва заводу ўвяло часовае палажэнне аб заахвочванні работнікаў, якія аказваюць садзейнічанне ў працаўладкаванні новых супрацоўнікаў. У дакуменце было напісана, што «налічэнне ўзнагароджання ажыццяўляецца ў памеры 10 базавых велічынь (на той момант 290 рублёў) за кожнага прыведзенага работніка пры ўмове адсутнасці ў яго дысцыплінарнага спагнання на працягу першых шасці месяцаў працы».

Аднак значнае павелічэнне колькасці вакансіяў пачалося пазней і па часе супала з рэзкім ростам колькасці атрыманых ААТ «МТЗ» дзяржкантрактаў. У 2022 годзе завод выйграў 170 тэндараў на агульную суму 46 млн. беларускіх рублёў. Годам раней прадпрыемства атрымала 90 кантрактаў, а яшчэ раней – не больш за 30 у год. Тэндэнцыя росту захоўваецца і сёлета: МТЗ ужо заключыў больш за 70 дамоваў з дзяржавай амаль на 10 млн рублёў.

3 кастрычніка 2022 года Менскі трактарны завод даваў справаздачу, што падымае ўсім работнікам зарплату на 13%, бо «абʼём вытворчасці ў дзейных цэнах склаў каля 2 мільярдаў рублёў, што больш чым на 40% вышэй, чым за аналагічны леташні перыяд (у 2021 годзе)».

Тады ж на прадпрыемстве заявілі, што тэмп росту экспарту склаў 124,4%. Рэнтабельнасць продажаў – 14,4%.