Навіны

01 лютага 2023

Аднолькавыя пасланні розным аўдыторыям: аб чым прамаўляў Лукашэнка ў Зімбабвэ?

Мы вывучылі прамову і знайшлі выразы, якія Лукашэнка ўжо ўжываў раней, звяртаючыся зусім да іншых слухачоў.

У межах сваёй паездкі ў Зімбабвэ Лукашэнка выступіў з прамовай, звернутай да народу гэтай краіны. Мы вывучылі яе і знайшлі выразы, якія Лукашэнка ўжо ўжываў раней, звяртаючы іх зусім да іншых слухачоў.

Аляксандр Лукашэнка з прэзідэнтам Зімбабвэ Эмерсанам Мнангагвой

«Я хачу падзякаваць амерыканцам і ўсяму заходняму свету за тое, што яны ўвялі супраць нас санкцыі, у адваротным выпадку, на гэтым вялізным полі, стаялі б не беларускія трактары і сельгастэхніка, а амерыканскія і нямецкія».

«Я рады, што гэтыя санкцыі нам увялі. Нарэшце мы з Расеяй пачалі супрацоўнічаць так, як мы павінны былі даўно супрацоўнічаць», – заявіў Лукашэнка ў красавіку 2022 года, падчас візіту на Далёкі Усход Расеі.

«Не расслабляйцеся, яны не дрэмлюць, яны заўсёды будуць вас спрабаваць паставіць на калені».

«Нам прапануюць новую ўладу, нам прапануюць салдат NATO. Нас хочуць апрануць у лапці і паганяць бізуном», – гэтую заяву Лукашэнка рабіў на мітынгу 16 жніўня 2020 года, дзе сабраліся яго прыхільнікі. Адначасова з ім у Менску адбыўся самы вялікі мітынг у гісторыі Беларусі, накіраваны супраць Лукашэнкі.

«Беларусам я часта жадаю жыць сваім розумам і трымаць галаву на плячах, таксама самае магу сказаць свайму дружалюбнаму зімбабвійскаму народу: Думайце сваёй галавой».

«Трымайце заўсёды галаву на плячах, чытайце інтэрнэт, глядзіце тэлеграм каналы, глядзіце тэлебачанне, так не любімае дзяржаўнае і параўноўвайце. Параўноўваеце і думайце, не будзеце думаць, нас усіх пад бізун паставяць, нас па калена загоняць у чужую зямлю», – 22 жніўня 2020 года Лукашэнка агучыў гэтую тэзу на праўладным мітынгу ў Горадні.

«Гэты год для вас, можна сказаць вырашальны, у гэтым бурным свеце. Захавайце адзінства і бяспеку сваю і вашых дзяцей і тады будуць трактары, сельская гаспадарка, золата, алмазы і хлеб».

«...Я ўсё думаў пра Малдову, думаў усё ж якія вы малайцы, што вы захавалі вось гэтае адзінства. З цягам часу, калі гэта стане здабыткам гісторыі, гэта будзе вывучана, свядома і тыя пакаленні, якія прыйдуць на змену нашаму пакаленню, яны гэта ацэняць», – такімі словамі апісваў свае ўражанні Лукашэнка ад сустрэчы 20 чэрвеня 2019 года з тагачасным прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам.