Аб затрыманні дваіх грамадзян Казахстану 23 чэрвеня паведаміў звязаны з расейскімі сілавікамі тэлеграм-канал Baza. Паводле яго інфармацыі, Эдуард Б. і Аляксандр А. падпалілі рэлейныя шафы на чыгуначных пуцях недалёка ад Варшаўскай шашы. Пасля затрымання яны распавялі, што за працу нібыта атрымалі 30 000 рублёў на крыптагаманцы, а заданне прыйшло ў мэсэнджары Telegram.
Baza паведамляла, што справу завялі па артыкуле 267 КК РФ (прывядзенне ў непрыдатнасць транспартных сродкаў). Але на сайце суда пазначана, што гаворка ідзе менавіта аб частцы 2 артыкула 213 КК РФ – хуліганства. Суд задаволіў хадайніцтва і адправіў Эдуарда Б. пад арышт. Максімальнае пакаранне па дадзеным артыкуле – сем гадоў пазбаўлення волі.
Пацвердзіць асобу Эдуарда Б. БРЦ удалося дзякуючы выкладзенай у тэлеграм-канале Baza фатаграфіі. Па ёй мы знайшлі ў сацсетках старонку другога затрыманага. Картка справы з хадайніцтвам аб абранні яму меры стрымання па аналагічным артыкуле – 213 КК РФ – таксама ёсць на сайце Замаскварэцкага суда Масквы. У сябрах у Аляксандра А. БРЦ знайшоў 26-гадовага жыхара Паўночна-казахстанскай вобласці Казахстану Эдуарда Б. (у сацсетцы ён указаны пад іншым прозвішчам). У злітай базе жыхароў Казахстану за 2023 год пазначана, што нацыянальнасць Эдуарда Б. – беларус. Пра тое, што ён нарадзіўся ў Беларусі, пісала і Baza.
БРЦ спрабаваў звязацца з верагоднымі роднымі Эдуарда Б., але яны адказваць на пытанні адмовіліся. Частка з іх жыве ў Казахстане, частка – у расейскім Выбарзе. Нам удалося знайсці толькі аднаго меркаванага сваяка з Беларусі.