«Кампаніі выкарыстоўваюць розніцу ў спісах тавараў для экспарту ў Вялікую Брытанію без санкцый. Фенаменальна гэта робіцца за кошт таго, што тавар зараз паходзіць з Расеі, а не з Беларусі», – цытуе дэпутатаў парламента Вялікай Брытаніі The Times. «Гэта абсурдная сітуацыя, і мы заклікаем урад абнавіць спісы тавараў, каб яны супадалі і не маглі быць выкарыстаны кампаніямі, якія імкнуцца пазбегнуць санкцый».
Пра падобныя схемы журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтру расказвалі ў сваіх расследаваннях, прысвечаных таму, як падсанкцыйныя кампаніі спрабуюць абыходзіць санкцыі, падрабляючы дакументы. Падрабязней з нашымі расследаваннямі вы можаце азнаёміцца тут, тут і тут.
Дэпутаты засяродзілі сваю ўвагу і на тое, што пастаўкі тавараў з Беларусі «падрываюць бізнес у Вялікай Брытаніі». У сакавіку 2022 года ўрад увёў дадатковыя пошліны ў памеры 35 працэнтных пунктаў на шэраг тавараў з Беларусі, паводле дэпутатаў, гэтыя абмежаванні лёгка абыходзяць кампаніі з Расеі і Беларусі, прапаноўваючы тавары па больш нізкай цане.
«У нас можа быць самы жорсткі рэжым на паперы, але калі Расея і Беларусь знаходзяць спосабы яго абысці на практыцы, то гэта непрымальна», – паведамляецца ў лісце дэпутатаў, якое каардынавала Шыобхайн МакДонах (Siobhain McDonagh).
Санкцыі недастаткова ціснуць на рэжым?
У Брытанскім парламенце таксама заклапочаныя тым, што нягледзячы на ўведзеныя санкцыі, рэпрэсіі ў Беларусі не сціхаюць.
«Мы асуджаем палітычна матываваны прысуд і ўтрыманне пад вартай Алеся Бяляцкага і Анджэя Пачобута», – заявіла дэпутат парламенту Эн-Мары Трэвельян.
Дэвід Ратлі, міністр замежных спраў, адзначыў, што ўрад «будзе ціснуць на Расею і Беларусь, уводзячы новыя санкцыі. Гэта азначае жорсткі пераслед тых, хто ўхіляецца ад санкцый, закрыццё магчымасцяў абыходу санкцыяў і супрацоўніцу з нашымі міжнароднымі партнёрамі», цытуе міністра The Times.
Нагадаем, з 2020 года Вялікая Брытанія ўвяла больш за 120 санкцый у адказ на парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Таксама ўвесь час папаўняецца індывідуальны спіс падсанкцыйных службовых асоб у Беларусі.
Згодна з афіцыйнымі звесткамі з парталу дзяржаўных паслуг Вялікай Брытаніі, на канец верасня 2022 года агульны абʼём гандлю таварамі і паслугамі (экспарт плюс імпарт) паміж Вялікай Брытаніяй і Беларуссю зменшыўся на 46,8% або на 132 млн фунтаў стэрлінгаў, у параўнанні з тым жа перыядам за 2021 год.
У сваю чаргу на сайце пасольства Рэспублікі Беларусь у Вялікай Брытаніі даныя па гандлёва-інвестыцыйнай супрацы прадстаўлены толькі за перыяд да 2021 года. Там выразна бачны спад тавараабароту, паміж дзвюма дзяржавамі: калі ў 2020 годзе тавараабарот складаў 1 016,2 млн долараў, то ў 2021 годзе ён ужо быў 437,3 млн долараў.