Навіны

08 мая 2023

Расейскія «дочкі» беларускіх заводаў у год вайны паказалі рэкордны чысты прыбытак – амаль 5 млрд расейскіх рублёў

Кантраляваны сынам Аляксандра Лукашэнкі «Гандлёвы дом БелАЗ» таксама даў справаздачу аб рэкордных прыбытках.

Расейскія філіялы найбуйнейшых заводаў Беларусі зрабілі справаздачу аб рэкордных заробках за 2022 год. На аснове дадзеных расейскага рэестру бухгалтарскай справаздачнасці «БРЦ» падлічыў, што агульны абʼём чыстага прыбытку «дочак» МТЗ, БМЗ, МАЗа і БелАЗа ў год вайны перавысіў 4,8 млрд рублёў (каля 71 млн долараў па сярэднім курсе за мінулы год).

Больш за ўсё зарабілі расейскія прадстаўніцтвы Менскага трактарнага заводу. Агульны абʼём чыстага прыбытку чатырох кампаній – «ГД МТЗ», «ГД МТЗ Стаўрапаль», «ГД МТЗ Паўночны Захад» і «ТВК МТЗ-Татарстан» – перавысіў 1,7 млрд рублёў (25 млн долараў). Пры гэтым абʼём продажаў наблізіўся да 30 млрд рублёў (447 млн долараў). Абодва паказнікі рэкордныя для ўсіх чатырох даччыных прадпрыемстваў МТЗ. Адна з крыніц заробкаў – дзяржзаказ. Фірмы атрымліваюць дзясяткі дзяржкантрактаў на сотні мільёнаў рублёў. Сярод замоўцаў – улады Масквы, МУС, а таксама рэгіянальныя адміністрацыі і дзяржпрадпрыемствы.

Moscow's VDNKh hosts exhibition of cutting edge products showcasing Russian and Belarusian engineering industry
Крыніца: Artyom Geodakyan / TASS / Forum

Кантраляваны сынам Аляксандра Лукашэнкі «Гандлёвы дом БелАЗ» таксама даў справаздачу аб рэкордных фінансавых выніках за мінулы год. Выручка кампаніі перавысіла 65 млрд рублёў (970 млн долараў), а чысты прыбытак – 2,6 млрд рублёў (38 млн долараў). Падрабязней аб тым, як сваякі Лукашэнкі зарабляюць на продажы тэхнікі БелАЗа чытайце ў нашым расследаванні.

Зарэгістраваны ў Маскве «Гандлёвы дом БМЗ» паказаў чысты прыбытак у 500 млн рублёў (7,5 млн долараў) пры выручцы ў 34,5 млрд рублёў (507 млн долараў). Кампанія рэалізуе на расейскім рынку прадукцыю, у тым ліку трубы для нафта-і газаправодаў.

Рост фінансавых паказнікаў зафіксаваў і «МАЗ-РУС», расейскае прадстаўніцтва Менскага аўтамабільнага заводу. Кампанія зрабіла справаздачу аб прыбытку ў 68 млн рублёў (1 млн долараў) і выручцы ў 33 млрд рублёў (492 млн рублёў). Гэта рэкордны паказнік за апошнія чатыры гады. На расейскім рынку МАЗ у асноўным рэалізуе аўтобусы і грузавікі.