Навіны

19 кастрычніка 2023

Здзелкі не было? Літоўская фірма купіла карбамід у ўзбекскага заводу з загрузкай тавару ў Лідзе – каментар прадпрыемства

Месцам адгрузкі ў накладной для атрымальніка ўказаны горад Ліда. Пры гэтым адзіны вытворца карбаміду ў Беларусі – гэта «Горадня Азот».

Крыніца: dividends.nuz.uz / АТ «Дэхканабадскі калійны завод»
У БРЦ зʼявілася яшчэ адна нагода падазраваць, што «Горадня Азот» можа абыходзіць санкцыі і прадаваць карбамід краінам ЕЗ з дапамогай падстаўных фірмаў. Нам прыйшоў адказ ад прадпрыемства, згаданага ў расследаванні «Як Узбекістан дапамагае Беларусі абысці забароны і прадаваць у ЕЗ угнаенні падсанкцыйнага прадпрыемства». У лісце Дэхканабадскі калійны завод адмаўляе здзелку з літоўскай кампаніяй, якая належыць беларусу Раману Семянене. Менавіта на падставе дакументаў, у якіх узбекскае прадпрыемства значыцца адпраўшчыкам, фірма Milca Baltija правезла карбамід праз беларуска-літоўскую мяжу.

«Горадня Азот» трапіў пад санкцыі Еўразвязу ў снежні 2021 года. У адным з расследаванняў мы высветлілі, што для іх абыходу прадпрыемства выкарыстоўвае падстаўныя фірмы. Ужо пасля яго выхаду мы высветлілі яшчэ адну акалічнасць, якая падштурхоўвае да такіх высноваў.

Больш падрабязна чытайце ў нашым расследаванні «Акно ў Еўропу для «Гродна Азоту». Як Узбекістан дапамагае Беларусі абысці забароны і прадаваць у ЕЗ угнаенні падсанкцыйнага прадпрыемства».

Да расследавальнікаў БРЦ патрапілі дакументы, з якіх вынікае, што зарэгістраваная ў Літве кампанія 23-гадовага беларуса Рамана Семянені Milca Baltija купіла партыю карбаміду ў дзяржаўнага ўзбекскага Дэхканабадскага калійнага заводу. Месцам адгрузкі ў арыгінале накладной для атрымальніка ўказаны горад Ліда. Пры гэтым адзіны вытворца карбаміду ў Беларусі – гэта «Горадня Азот», паведаміў БРЦ экс-супрацоўнік прадпрыемства.

Мы накіравалі Дэхканабадскаму калійнаму заводу некалькі пытанняў: ці выпускаюць там азотныя ўгнаенні; калі не, чаму ў таварнай накладной прадпрыемства паказана пастаўшчыком карбаміду для Milca Baltija; і хто рэальны вытворца тавару. У адказе, які атрымаў БРЦ, гаворыцца, што АТ «Дэхканабадскі калійны завод» спецыялізуецца толькі на вытворчасці мінеральных угнаенняў хлорыстага калію і не вырабляе іншыя віды прадукцыі. У лісце, падпісаным выконваючым абавязкі старшыні праўлення Т. Зарыпавым, удакладнілі, што хлорысты калій не змяшчае карбаміду мачавіны, а прадпрыемства не спецыялізуецца на вытворчасці карбамідаў.

Таксама ў ім напісана, што прадпрыемства не складала дамову на пастаўку карбамідаў з кампаніяй Milca Baltija і не ажыццяўляла іх рэалізацыю. Таму АТ «Дэхканабадскі калійны завод» не можа адказаць на ўсе нашы пытанні. Сярод якіх была, напрыклад, просьба ўдакладніць, чаму ў сертыфікаце якасці на карбамід дапушчаны памылкі. Рыхтуючы расследаванне, БРЦ выявіў, што ў дакуменце замест «масавай долі біурэта» – гэта кіслата з элементаў азоту, напісана «масавая доля бюрэткі». Бюрэтка – лабараторны посуд для дакладнага вызначэння невялікіх абʼёмаў газаў і вадкасцей.

БРЦ таксама накіраваў запыт кампаніі AO Farg’onaazot, якая, як напісана ў дакуменце, выдала сертыфікат якасці на набыты Milca Baltija карбамід. Як толькі атрымаем адказ, падзелімся ім з нашымі чытачамі.