Пік адтоку прыпаў на 2020 год, калі на фоне пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў звольненых было амаль на 10 тысяч больш, чым нанятых.

Сфера адукацыі Беларусі шэсць гадоў запар страчвае кадры. Гэта вынікае са статыстыкі Белстату, якую прааналізаваў БРЦ.

З 2017 года колькасць звольненых работнікаў гэтай галіны штогод перавышае колькасць найманых. Летась са сферы адукацыі звольнілі амаль 100 тысяч чалавек, нанялі – крыху менш за 95 тысяч. Пік адтоку прыпаў на 2020 год, калі на фоне пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў звольненых было амаль на 10 тысяч больш, чым нанятых. У параўнанні з 2019-м паказнік вырас амаль у пяць разоў.

Скарачэнне кадраў у сферы адукацыі заўважна і па сярэднеспісачнай колькасці работнікаў. Гэта сярэдняя колькасць работнікаў на справаздачныя даты перыяду. Туды не трапляюць, напрыклад, тыя, хто знаходзіцца ў адпачынках па цяжарнасці і родах або па доглядзе дзіцяці. Пры гэтым супрацоўнікі, якія працавалі няпоўны працоўны час, улічваюцца як няпоўныя адзінкі. У 2022 годзе гэты паказнік склаў 390306 чалавек, што амаль на 29 тысяч менш, чым шэсць гадоў таму.

Сярод прычын сыходу са сферы адукацыі, акрамя палітычных рэпрэсій, педагогі называюць вялікую нагрузку і нізкія заробкі. Чыноўнікі і самі пацвярджаюць дэфіцыт кадраў, як і тое, што многім выкладчыкам даводзіцца працаваць больш, чым на адну стаўку. У кастрычніку 2022 года міністр адукацыі Андрэй Іванец паведаміў, што сярэдняя занятасць настаўніка складае 1,25 стаўкі, і дадаў, што гэта – «нармальная занятасць, тут ніякай вялікай перагружанасці няма».