Навіны

15 мая 2023

Лукашэнка больш за пяць дзён не зʼяўляецца на публіцы. Такое адбываецца чацвёрты раз за ўвесь час яго кіравання

БРЦ прааналізаваў графік Лукашэнкі і знайшоў усе выпадкі яго знікнення на такі працяглы тэрмін.

Аляксандр Лукашэнка з 9 траўня не зʼяўляецца ў публічнай прасторы. СМІ, тэлеграм-каналы і апазіцыянеры сцвярджаюць, што ён хворы. Гэта пацвердзіў і дэпутат Дзярждумы РФ Канстанцін Затулін. БРЦ прааналізаваў графік Лукашэнкі і прыйшоў да высновы, што гэта як мінімум чацвёрты выпадак ягонага знікнення на такі працяглы тэрмін.
Лукашенко на параде в Москве
Крыніца: Gavriil Grigorov/Kremlin Pool / Zuma Press / Forum

Апошні раз Лукашэнка знікаў з публічнага поля адразу пасля выбараў у жніўні 2020 года. Тады на фоне масавых пратэстаў ён адсутнічаў пяць дзён. Але затым, 14 жніўня, правёў нараду, а яшчэ праз два дні – мітынг у сваю падтрымку.

У ліпені 2018 Лукашэнка не зʼяўляўся на публіцы чатыры дні і адмяніў як мінімум адзін афіцыйны візіт. Некаторыя СМІ пісалі, што ён перанёс інсульт. Яго прэс-служба інфармацыю аб хваробе назвала «бязглуздзіцай».

Самы працяглы тэрмін, на які знікаў Лукашэнка, – 15 дзён. Гэта адбылося пасля выбараў 2006 года. З-за масавых пратэстаў інаўгурацыю перанеслі на 8 дзён, а сам Лукашэнка выпаў з публічнага поля на два тыдні. У прэс-службе сцвярджалі, што ён «працаваў з дакументамі».

Характэрна, што такое ж тлумачэнне прэс-служба агучыла і на мінулых выходных, адказваючы на пытанне журналісткі «Зеркало».

Апошні раз сёлета Лукашэнку бачылі 9 траўня на мерапрыемствах у Маскве і Менску. Пры гэтым на парадзе на Красной плошчы ў яго на руцэ была павязка, падобная на эластычны бінт, і ён не змог самастойна дайсці да магілы Невядомага салдата, 300 метраў прыйшлося ехаць на электра-кары. У Менску Лукашэнка не прамовіў традыцыйны зварот з нагоды Дня Перамогі. Замест яго гэта зрабіў міністр абароны Віктар Хрэнін. Пазней – 14 траўня – прапусціў мерапрыемства з нагоды Дня сцяга Беларусі.

Па дадзеных Тэлеграм-канала ВЧК-ОГПУ, у Лукашэнкі праблемы з сэрцам і эндакрыннай сістэмай, але аперацыя пакуль не патрэбная. Аналагічную інфармацыю агучыў і Павел Латушка. Паводле яго звестак, у Лукашэнкі інфекцыйна-алергічны міякардыт.