8 лютага Уладзімір Зяленскі прыбыў у Лондан, дзе сустрэўся з прэмʼер-міністрам Вялікай Брытаніі Рышы Сунакам. Як распавядае DW, украінскі прэзідэнт і брытанскі прэмʼер-міністр абмеркавалі супрацу ў галіне абароны, рэалізацыю ўкраінскай «формулы міру», еўраатлантычную інтэграцыю Украіны, а таксама магчымасць прыцягнення брытанскага боку да пасляваеннага аднаўлення Украіны. Акрамя таго, яны падпісалі «Дэкларацыю адзінства Вялікай Брытаніі і Украіны». Гэты дакумент адлюстроўвае намер Вялікай Брытаніі і Украіны працягваць цесную супрацу для «умацавання нацыянальнай абароны, стрымлівання расейскай агрэсіі і пабудовы мірнай і квітнеючай будучыні».
Па выніках перамоваў Сунак папрасіў кіраўніка мінабароны Вялікай Брытаніі Бэна Уолеса высветліць, якія самалёты краіна тэарэтычна магла б перадаць Украіне. Таксама Сунак абвясціў, што Лондан паскорыць перадачу ваеннага абсталявання Кіеву, у тым ліку сістэмы большай далёкасці, а першыя брытанскія танкі Challenger-2 павінны быць перададзены Кіеву ў сакавіку 2023 года. Абяцанне, дарэчы, прэмʼер-міністр стрымаў, і 28 сакавіка стала вядома, што першыя танкі Challenger-2 прыбылі ва Украіну.
Францыя
Адразу пасля перамоваў у Лондане Зяленскі вылецеў у Парыж, дзе сустрэўся з прэзідэнтам Эманюэлем Макронам і канцлерам Германіі Олафам Шольцам. Як паведамлялася ў тэлеграм-канале Зяленскага, размова таксама ішла аб ваеннай дапамозе Украіне і пастаўках узбраення.
«Чым раней Украіна атрымае дальнабойную зброю, чым раней нашыя пілоты атрымаюць сучасныя самалёты, чым мацнейшай будзе наша танкавая кааліцыя, тым хутчэй скончыцца расейская агрэсія, і мы вернем Еўропе ўстойлівы мір», – гаворыцца ў пасце.
Пасля перамоваў міністр абароны Нямеччыны Барыс Пісторыус заявіў, што заходнія партнёры могуць паставіць Украіне першы батальён баявых танкаў Leopard-2 (пра іх пастаўкі дамовіліся яшчэ ў 2022 годзе) на працягу трох ці чатырох месяцаў з пачатку года. Па выніку, 28 сакавіка ў СМІ зʼявілася інфармацыя, што іх даставілі ва Украіну, як і Challenger-2.
Польшча
Завяршаючы сваю паездку па Еўропе Зяленскі сустрэўся з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудой у польскім горадзе Жэшуве. Пра што канкрэтна гаварылі лідары і ці былі паміж імі дасягнуты нейкія дамоўленасці – невядома. У офісе Зяленскага пасля сустрэчы заявілі, што ўкраінскі прэзідэнт «праінфармаваў калегу аб бягучым стане спраў на фронце і прагнозах развіцця сітуацыі ў бліжэйшы перыяд», а таксама «распавёў аб актуальных абаронных патрэбах Украіны». На сайце канцылярыі польскага прэзідэнта паведамлялася, што «гутарка таксама тычылася запланаванай прэзідэнтам будучай дыпламатычнай дзейнасці і выбудоўвання парадку дня будучага саміту НАТА ў Вільні».