За аналагічны леташні перыяд па двух «экстрэмісцкіх» артыкулах Кодэксу адміністрацыйных правапарушэнняў у Беларусі прыцягнулі да адказнасці 537 чалавек, што на траціну менш, чым сёлета.
Размова ідзе пра два артыкулы КаАП – 19.11 (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць) і 19.10 (Прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі. Па артыкуле 19.11 з пачатку года аштрафавалі або адправілі пад арышт 669 чалавек. За аналагічны леташні перыяд гэты паказнік склаў 508 чалавек.
Часцей за ўсё – 277 разоў – беларусаў прыцягвалі да адказнасці ў сакавіку. Гэта амаль у два разы больш, чым у першы месяц вясны мінулага года. Як пісаў Праваабарончы цэнтр «Вясна», у другой палове сакавіка беларусаў масава затрымлівалі за «экстрэмісцкія матэрыялы» напярэдадні Дня Волі.
Па артыкуле 19.10 з пачатку года да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 52 чалавекі, што амаль у два разы больш, чым за аналагічны леташні перыяд. Часцей за ўсё ў сакавіку – за першы месяц вясны да адказнасці прыцягнулі 17 чалавек. Менавіта ў сакавіку тэлеграм-канал ГУБАЗіК, а таксама іншыя звязаныя з сілавікамі тэлеграм-каналы, пачалі часцей публікаваць відэазапісы затрыманняў і прабачэнняў беларусаў за «экстрэмісцкія» матэрыялы.