Навіны

16 сакавіка 2023

У BEROC ацанілі здольнасць Беларусі раздаваць крэдыты

Дзяржава працягвае выдаваць экспартныя крэдыты і выдзяляе для гэтага буйныя сумы.

Аб незвычайнай і дастаткова буйной здзелцы Кеніі і Беларусі расказалі журналісты афрыканскага выдання The Weekly Review, якім удалося азнаёміцца з дакументамі і перапіскай аб падрыхтоўцы ўгоды. Згодна з планамі, на працягу 18 месяцаў кампанія AFTRADE DMCC павінна паставіць у Кенію партыю беларускіх трактароў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі на 240 млн долараў. А ўвесь праект разлічаны прыкладна на 320 млн долараў. Пры гэтым на закуп тэхнікі Беларусь гатова даць крэдыт.
МТЗ
Крыніца: МТЗ.БЕЛ

Адно з галоўных пытанняў – адкуль у Беларусі грошы на такі буйны крэдыт, улічваючы, што з-за вайны ва Украіне і падтрымкі Пуціна рэжым Лукашэнкі знаходзіцца пад сурʼёзнымі санкцыямі.

Акадэмічны дырэктар BEROC і запрошаны прафесар універсітэту Карласа III у Мадрыдзе Кацярына Барнукова адзначае, што сума ў некалькі сотняў мільёнаў долараў дастаткова адчувальная для Беларусі, аднак дзяржава працягвае выдаваць экспартныя крэдыты і выдзяляе для гэтага буйныя сумы.

«Напрыклад, за першыя тры кварталы 2022 года Банк развіцця выдаў 1,4 млрд рублёў экспартных крэдытаў. Мэтазгоднасць пры гэтым ёсць. Умоўна, мы ведаем, што наш урад праз дзяржбанкі можа выдзяляць вялікія сумы нашым дзяржпрадпрыемствам у выглядзе крэдытаў. А дзяржпрадпрыемствы потым не могуць прадаць вырабленае. Лагічней як раз выдаць крэдыт патэнцыйнаму пакупніку, які ў выніку ўсё роўна прафінансуе наша дзяржпрадпрыемства. Пытанне толькі, ці верне потым гэты пакупнік крэдыт», – сказала Беларускаму расследавальніцкаму цэнтру Кацярына Барнукова.

Пры гэтым фінансавацца здзелка будзе, хутчэй за ўсё, праз Банк развіцця Беларусі, зазначае экспертка. Каб зрабіць гэта, банк можа выпусціць новыя аблігацыі, якія ў выніку набудуць дзяржбанкі.

«Банк развіцця як раз 1 сакавіка выпусціў аблігацый на 1,189 млрд рублёў, на Кенію хопіць», – кажа Барнукова.

Важна таксама і тое, у якой менавіта валюце будзе пастаўлены гэты крэдыт, зазначае эксперт. Для Беларусі было б значна больш выгадна зрабіць гэта ў беларускіх ці ў скрайнім выпадку расейскіх рублях, бо астатнія валюты ў краіне ў дэфіцыце.

Прадаваць трактары будзе «гаманец» Лукашэнкі?

Паводле матэрыялаў The Weekly Review, у канцы лютага гэтага года кіраўнік кенійскай дзяржаўнай крэдытнай арганізацыі Agricultural Finance Corporation (AFC) Джордж Кубай звярнуўся ў Генпракуратуру краіны з просьбай дапамагчы скласці міжурадавае пагадненне паміж Кеніяй і Беларуссю з улікам таго, што праект на сотні мільёнаў долараў будзе фінансавацца паводле льготнага крэдыту Беларусі. Акрамя таго, у дакументах кенійскага ўраду журналісты знайшлі, што наступныя сем гадоў закупы будзе фінансаваць The Trade and Development Bank (TDB) – партнёр Банку развіцця Беларусі. Пры гэтым у TDB які-небудзь удзел у праекце паставак сельгастэхнікі з Беларусі адмаўляюць.

Журналісты The Weekly Review не выключаюць, што ў фінансаванні праекту можа быць замешаны нехта ўплывовы, нехта звязаны з кампаніяй у Дубаі і пры гэтым здольны дзейнічаць ад імя Беларусі. Па такім апісанні можна меркаваць, што гаворка, у дадзеным выпадку, ідзе пра «гаманец» Лукашэнкі Аляксандра Зінгмана. Звязаная з ім кампанія AFTRADE DMCC, зарэгістраваная ў ААЭ, якраз мусіць паставіць сельгастэхніку ў Кенію. Акрамя таго, Афрыка для гэтага беларускага алігарха тэрыторыя ўжо зведаная. Па-першае, Зінгман – ганаровы консул Зімбабвэ ў Беларусі. А па-другое, вядома, што Зінгман вельмі блізкі да Віктара Шэймана і разам з яго сынам Сяргеем займаліся разведкай залатых руднікоў у Зімбабвэ.