Інцыдэнт, пра які ідзе гаворка, паводле звестак медыяў, адбыўся 19 сакавіка каля 5 гадзін раніцы па мясцовым часе. Па словах мэра гораду Бамбары Абель Матыпата, невядомыя напалі на залаты руднік Чымбала ў 25 км ад гораду. На ім золатаздабычай займаліся гарнякі з Кітаю, якія прыступілі да працы некалькі дзён таму. У выніку былі забітыя дзевяць грамадзян Кітаю, іх целы знайшлі ў нядзелю.
«У цяперашні час некаторыя краіны Афрыкі маюць высокія рызыкі бяспекі. Узровень рызыкі бяспекі Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, за выключэннем сталіцы Бангі, чырвоны, што азначае надзвычай высокую рызыку. Міністэрства замежных спраў неаднаразова выпускала заявы аб бяспецы, заклікаючы кітайскіх грамадзян і кампаніі, якія знаходзяцца ў зонах павышанай рызыкі, як мага хутчэй эвакуявацца для забеспячэння ўласнай бяспекі», – гаворыцца ў паведамленні кітайскага дыпведамства.
Апошняе такое папярэджанне пасольства Кітая ў ЦАР выпусціла якраз у 10:20 раніцы 19 сакавіка.
У заявах кітайскіх дыпламатаў не згадваецца ні назва золатаздабываючай кампаніі, на руднік якой быў учынены напад, ні меркаваныя вінаватыя. Аднак, як паказвае агенцтва Associated Press, першапачаткова ў тым, што здарылася, западозрылі мясцовую кааліцыю паўстанцаў. Праўда, пазней прадстаўнікі абʼяднання выступілі з заявай, што не маюць ніякага дачынення да здарэння і абвінавацілі ва ўсім наймітаў ПВК «Вагнэр», праўда, без доказаў.
Мы звярнуліся ў прэс-службу Яўгена Прыгожына, з пытаннем аб тым, ці нападалі байцы ПВК «Вагнэр» на кітайскіх працоўных у Чымбала, але адказу пакуль не атрымалі.
Тым не менш, прысутнасць вагнэраўцаў у ЦАР ужо даўно звязваюць з ростам гвалту ў гэтым рэгіёне. У 2018 годзе прыгожынскіх наймітаў запрасілі для барацьбы з паўстанцамі, якія кантралявалі, на той момант, дзве трэці Цэнтральнаафрыканскай рэспублікі. У абмен на гэта ўлады краіны, як паказвае CNN, паабяцалі кампаніям, звязаным з Прыгожыным, прыбытковыя канцэсіі на здабычу карысных выкапняў. Пазней заходнія журналісты расказалі гісторыі мірных грамадзян, якія пацярпелі ад дзеянняў наймітаў, якія абстрэльвалі нават мячэці. Сярод ахвяр былі ў тым ліку дзеці.
У 2020 годзе, прэзідэнт ЦАР Фостэн-Арканж Туадэра зноў звярнуўся па дапамогу да Масквы. На гэты раз з-за таго, што кааліцыя паўстанцаў рушыла на сталіцу Бангі, пагражаючы зрынуць урад. Тады ў дадатак да вагнэраўцаў, якія базуюцца ў краіне, Расея разгарнула дадатковы ваенны кантынгент.
З гэтага моманту, як паказваюць аналітыкі Праекту дадзеных аб месцазнаходжанні і падзеях узброеных канфліктаў (ACLED), «група «Вагнэра» стала адным з дамінуючых агентаў палітычнага гвалту ў ЦАР. З усяго палітычнага гвалту, які ACLED зарэгістраваў у перыяд са снежня 2020 года па ліпень 2022 года ў ЦАР, амаль 40% здарэнняў звязаныя з групай «Вагнэра». У гэты час сілы «Вагнэра» удзельнічалі ў палітычным гвалце ва ўсіх прэфектурах ЦАР, акрамя Хаут-Мбому і Сангха-Мбары».
«Характэрна, што найміты Групы «Вагнэр» дзейнічалі незалежна ад дзяржаўных сіл як мінімум у 50% выпадкаў палітычнага гвалту кожны месяц з траўня 2021 года, за выключэннем кастрычніка 2021 года, а таксама красавіка і чэрвеня 2022 года», – дадалі аналітыкі.