Навіны

07 лютага 2023

У Кыргызстане паспрабавалі заблакаваць незалежнае выданне Kloop. Чаму?

Падставай стаў артыкул аб спрэчках паміж Агенцтвам развіцця і інвеставання супольнасцяў (АРІС) і і адміністрацыяй прэзідэнта.

Агенцтва развіцця і інвеставання супольнасцяў (АРІС) адклікала скаргу супраць кыргызскага выдання Kloop, якому Мінкульт прыгразіў блакаваннем за публікацыю нібыта недакладнай інфармацыі. Аб гэтым паведамляецца на сайце рэдакцыі. Характэрна, АРІС адклікала скаргу яшчэ 2 лютага, аднак у ведамстве не палічылі патрэбным паведаміць выданню. Журналісты даведаліся пра адкліканне скаргі толькі ўчора, калі даслалі запыт у Мінкульт.

На мінулым тыдні кыргызскія ўлады прыгразілі блакаваннем незалежнаму выданню Kloop і запатрабавалі, каб журналісты выдалілі матэрыял аб спрэчках АРІС і адміністрацыі прэзідэнта. Як паказвае OCCRP, у Мінкульце называюць інфармацыю ў артыкуле ілжывым.

Нататка была напісана пасля таго, як кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Дайырбек Арунбекаў заявіў, што АРІС, якому было даручана аднаўленне сацабʼектаў, разбураных падчас пагранічных сутыкненняў з Таджыкістанам у верасні 2022 года, завысіў кошт работ на $1,5 млн. З-за гэтага ўлады вырашылі весці будаўніцтва самастойна.

Пасля публікацыі матэрыялу АРІС звярнулася ў рэдакцыю з просьбай выдаліць матэрыял ці перапісаць яго ў адпаведнасці з прэс-рэлізам агенцтва, бо на думку арганізацыі, інфармацыя ў артыкуле не адпавядае рэчаіснасці. Kloop уключыла ў нататку інфармацыю аб тым, што агенцтва абвергла словы Арунбекава, а таксама дадало, што не лічыць патрэбным цалкам перапісваць ці выдаляць матэрыял, бо лічыць апублікаваную інфармацыю праўдзівай. Тады, як піша OCCRP, АРІС падало афіцыйную скаргу ў Мінкульт. Ведамства прыгразіла заблакаваць вэб-сайт Kloop, калі рэдакцыя не выдаліць абразлівы кантэнт.

«Выдаляць артыкул мы не будзем. Рашэнне аб выдаленні інфармацыі на «Клоопе» можа прыняць толькі рэдакцыя «Клоопа», але не міністэрства культуры. Калі мы публікуем памылковую ці недакладную інфармацыю, мы ўсё роўна не выдаляем матэрыял, таму што гэта было б несумленна ў адносінах да нашых чытачоў. Ну і ў цэлым мы лічым незаконнымі і несправядлівымі ўсе прынятыя ўладамі Кыргызстану за апошнія гады законы, якія выкарыстоўваюцца для цэнзуры. Падпарадкоўвацца ім мы не будзем, паколькі такая практыка супярэчыць стандартам свабоды слова і правоў чалавека», – заявіла рэдакцыя ў адказ на патрабаванні Мінкульта.

Такія скаргі на СМІ сталі магчымыя дзякуючы прынятаму ў Кыргызстане ў 2021 годзе закону «Аб абароне ад непраўдзівай (ілжывай) інфармацыі». Згодна з ім, улады краіны могуць блакаваць СМІ, калі палічаць апублікаваную імі інфармацыю ілжывай. Так ужо былі заблакаваныя кыргызскія выданні Respublica.kg і Радыё «Азаттык». Як піша OCCRP, гэта можна зрабіць без рашэння суда.