Навіны

25 красавіка 2023

Мытня Кыргызстану пачала расследаванне па факце продажу беларускага лесу ў Еўропу праз Азію

Па нашых падліках, схемы ўскоснага рээкспарту беларускай драўніны прынеслі сваім арганізатарам каля 30 мільёнаў еўраў.

Дзяржаўная мытная служба пры міністэрстве фінансаў Кыргызстану распачала ўнутраную праверку па факце продажу падсанкцыйнага беларускага лесу ў Еўразвяз праз краіны Цэнтральнай Азіі, у тым ліку Кыргызстан. Пра гэта мытная служба паведаміла бішкекскаму выданню Kloop.

«Адносна правядзення праверкі фактаў, пасля публікацыі матэрыялу пад назвай «Лясныя браты. Як Кыргызстан дапамагае Беларусі абыходзіць санкцыі ЕЗ», праводзіцца службовае расследаванне па фактах, выкладзеных журналістамі. Цяпер, у рамках работы праводзіцца аналіз базы даных мытнага дэкларавання тавараў, накіраваны запыты ў кампетэнтныя органы Кыргызскай Рэспублікі», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

У мытнай службе таксама падкрэслілі, што па выніках унутранага расследавання чыноўнікі разгледзяць пытанне аб перадачы сабраных матэрыялаў у следчыя органы Кыргызстану «для дачы юрыдычнай ацэнкі дзеянням асобаў, якія маюць дачыненне да гэтых парушэнняў». Аднак да таго часу нікога з супрацоўнікаў мытных органаў прыцягваць да адказнасці не будуць.

Расследаванне аб тым, як беларуская драўніна трапляе ў ЕЗ па фальшывых дакументах праз Кыргызстан і Казахстан, мы выпусцілі ў снежні мінулага года. Па нашых падліках, схемы ўскоснага рээкспарту беларускага дрэва прынеслі сваім арганізатарам каля 30 мільёнаў еўраў.