Акрамя таго, мытня затрымала 3000 тон карбаміду, кошт якіх перавышае 2 млн эўраў. Іх спрабавалі перавезці па чыгунцы. Каўшылас паведаміў, што гаворка ідзе пра груз, які мы знялі на камеру ў клайпедскім порце падчас нашага расследавання.
Паводле яго слоў, уладальнік і менеджар названай у нашым расследаванні кампаніі «Rogera» арыштаваны, – пра гэта паведамілі нашы калегі з выдання Siena.
Па версіі следства, для абыходу міжнародных санкцый магла быць выкарыстана «падстаўная» кампанія, якая была зарэгістраваная ў Беларусі і не падпадала пад санкцыі.
Дадзеныя, прадстаўленыя крымінальнай службай літоўскай мытні, супадаюць з дадзенымі з нашага расследавання, падчас якога мы выявілі кампанію-пракладку «Тэхнаспецтрэйдынг», зарэгістраваную ў Беларусі, яна пастаўляла ў Еўропу ўгнаенні ў абыход санкцый, накладзеных на вытворцу гэтых угнаенняў – кампанію «Горадня Азот».
У ноч на 14 лютага, на памежным пункце пропуску Райгардарс (Літва) (з боку Беларусі – пункт пропуску Прывалка), былі затрыманыя дзве фуры, якія на той момант ужо прайшлі мытны кантроль Літоўскай Рэспублікі. Кіраўніку Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіславу Івашкевічу ўдалося паразмаўляць з кіроўцам першага грузавіка, які, на камеру, пацвердзіў, што ўгнаенні пагрузілі ў яго машыну менавіта на прадпрыемстве «Горадня Азот». Кіроўца таксама паведаміў, што ён не ў курсе, што груз санкцыйны і проста вязе яго да месца прызначэння. Шафёр другой фуры пацвердзіў аналагічнае паходжанне свайго грузу. Пасля 3-гадзіннага супрацьстаяння з кіроўцамі і літоўскай паліцыяй, апоўначы, на месца здарэння прыбылі высокапастаўленыя супрацоўнікі літоўскай мытні і вярнулі грузавікі назад для дадатковага кантролю.
На наступны дзень літоўская мытня апублікавала прэс-рэліз, у якім гаварылася, што яны распачалі дасудовае расследаванне па факце ўхілення ад санкцый.
Гэта акцыя атрымала вялікі рэзананс у рэгіянальных медыях.