Навіны

09 чэрвеня 2023

Лукашэнка сустракаецца з Пуціным і расейскімі чыноўнікамі часцей, чым праводзіць сустрэчы па беларускіх тэмах

Падчас адкрытай часткі нефармальнага абеду палітыкі абмеркавалі размяшчэнне расейскай тактычнай ядравай зброі ў Беларусі.

У пятніцу, 9 чэрвеня, Аляксандр Лукашэнка зноў сустрэўся з Уладзімірам Пуціным. 

Падчас адкрытай часткі нефармальнага абеду палітыкі абмеркавалі размяшчэнне расейскай тактычнай ядравай зброі ў Беларусі. Паводле Пуціна, працэс пачнецца прыкладна праз месяц, калі будуць гатовая неабходная інфраструктура.

Лукашэнка і Пуцін
Крыніца: SPUTNIK / Reuters / Forum

Гэта ўжо пятая сустрэча двух палітыкаў у гэтым годзе і 15-я – з пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Як вынікае з аналізу БРЦ, у 2023 годзе Лукашэнка бачыўся з прэзідэнтам Расеі і расейскімі чыноўнікамі часцей, чым з беларускімі міністрамі і сілавікамі.

З пачатку года, мяркуючы па звестках з сайта Лукашэнкі, ён правёў дзве сустрэчы з Саветам міністраў, адну – з Саветам бяспекі і чатыры – з сілавікамі. Яшчэ пяць нарад Лукашэнка прысвяціў сацыяльным і эканамічным пытанням.

Акрамя таго, з пачатку года Лукашэнка правёў як мінімум 12 сустрэч з расейскімі губернатарамі, чыноўнікамі і міністрамі. Для параўнання, з беларускімі чыноўнікамі вышэйшага ўзроўню з пачатку года ён сустракаўся пяць разоў, а з мясцовымі кіраўнікамі рэгіёнаў – толькі аднойчы.

Раней БРЦ ужо пісаў, што колькасць сустрэч Лукашэнкі і Пуціна за 2022 год стала рэкорднай як мінімум за 10 гадоў. Для параўнання, у 2021-м такіх сустрэч было шэсць, у пандэмійным 2020-м – дзве, а ў 2019-м – пяць. У папярэднія гады Пуцін і Лукашэнка ў сярэднім сустракаліся чатыры разы на год – амаль у тры разы радзей, чым у год вайны.