Навіны

29 чэрвеня 2023

Кубак з Пагоняй, значок на заплечніку і вулічная пропаведзь. За што беларусаў штрафавалі і арыштоўвалі ў чэрвені

Жыхарку Воршы арыштавалі на трое сутак за кубак, на якім пры награванні бачны «герб П».

БРЦ працягвае вывучаць судовую картатэку на прадмет самых сумнеўных нагодаў для пераследу беларусаў па «народным» артыкуле 24.23 Кодэксу адміністрацыйных правапарушэнняў. Публікуем падборку за чэрвень.

Жыхарку Воршы арыштавалі на трое сутак за кубак, на якім пры награванні бачны «герб П». (верагодна маецца на ўвазе Пагоня) і «надпіс Ж.» (верагодна маецца на ўвазе лозунг «Жыве Беларусь!»). Яе жанчына выкарыстоўвала на працы. Суд палічыў гэта «пікетаваннем» і пастанавіў кубак знішчыць.

Жыхара Менску арыштавалі на 10 содняў за выяву «герба П.» (верагодна маецца на ўвазе Пагоня) на рамках рэгістрацыйных знакаў аўта. Мужчына расказаў, што ездзіў з імі з 2019 года і не звяртаў увагі на выяву. Суд палічыў, што такім чынам ён «публічна выказваў свае грамадска-палітычныя інтарэсы».

Яшчэ аднаго менчука аштрафавалі на 1850 рублёў з-за значка з «гербам П». (верагодна маецца на ўвазе Пагоня) на заплечніку. Мужчына расказаў на судзе, што хацеў выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. У пастанове гаворыцца, што значок заўважыў сведка, які «нёс службу па ахове грамадскага парадку».

У Берасцейскай вобласці суд аштрафаваў мясцовага жыхара на 555 рублёў з-за чытання пропаведзяў на вуліцы. Суддзя палічыў, што рэлігійныя спевы і гаворкі парушаюць заканадаўства «Аб масавых мерапрыемствах».

Жыхара Віцебскай вобласці арыштавалі на 13 сутак за ролік у «Вконтакте». На запісе, як сцвярджае суд, ёсць выява БЧБ-сімволікі. Суд палічыў гэта «пікетаваннем». Мужчына заявіў, што ролік не размяшчаў і не ведае, як ён зʼявіўся ў яго на старонцы.