БРЦ вывучыў судовую картатэку і выбраў пяць сумнеўных падставаў для пераследу за травень гэтага года.

Жыхароў Беларусі працягваюць масава прыцягваць да адказнасці па «народным» артыкуле 24.23 КаАП. БРЦ вывучыў судовую картатэку і абраў пяць сумнеўных падставаў для пераследу за травень гэтага года.

18 траўня жыхарку Наваполацку арыштавалі на 10 сутак за фатаграфію сцяга Украіны на старонцы ў Facebook. Суд палічыў, што такім чынам яна выказала свае «грамадска-палітычныя, асабістыя і іншыя зацікаўленасці». Сама жанчына заявіла, што хацела падтрымаць народ Украіны. Якім чынам выява ўкраінскага сцяга ці «падтрымка Украіны» парушаюць беларускае заканадаўства, суд не ўдакладніў.

18 траўня жыхара Воршы арыштавалі на 10 сутак за лозунгі, адрасаваныя вайсковаму. Пʼяны мужчына, паводле версіі суда, падышоў да прыпынку паблізу дома 5 па вуліцы 60 гадоў БССР і пачаў «выкрыкваць лозунгі: Ж., С.». Гаворка, верагодна, ідзе аб фразах «Слава Украіне» і «Жыве Беларусь». Адрасаваў ён іх мужчыну ў вайсковай форме, які і данёс на крыўдзіцеля ў міліцыю.

12 траўня жыхара Горадні арыштавалі на сем сутак за «словы С., якія выказваюць пратэст, звязаны з падзеямі ва У.». Верагодна, гаворка зноў ідзе аб фразе «Слава Украіне». Гэта адбылося падчас святочных мерапрыемстваў да Дня Перамогі.

10 траўня суд Буда-Кашалёўскага раёну Гомельскай вобласці аштрафаваў мясцовую жыхарку на 1100 рублёў. Яна размясціла ва «ВК» фатаграфію з «аўтографам вядомага чалавека», а таксама нейкі надпіс. Журналіст БРЦ спрабаваў высветліць у судзе, пра які аўтограф ідзе гаворка, але яго накіравалі ў прэс-службу Гомельскага абласнога суда, дзе з мінулага тыдня не адказваюць на званкі.

2 траўня суд Чашніцкага раёну аштрафаваў мясцовую жыхарку на 1850 рублёў за фота бел-чырвона-белага торта ў «Аднакласніках». Суд палічыў, што такім чынам жанчына прыняла ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.