Навіны

06 чэрвеня 2023

За год колькасць СМІ ў Беларусі скарацілася ў паўтара раза. БРЦ даведаўся, колькі засталося дзяржаўных і незалежных медыяў

БРЦ вывучыў статыстыку міністэрства інфармацыі і даведаўся, колькі засталося дзяржаўных і незалежных медыяў.

Аўтары: БРЦ
З сярэдзіны 2022 года Беларусь пазбавілася больш чым трэці зарэгістраваных медыяў, выявіў БРЦ, вывучыўшы статыстыку міністэрства інфармацыі.

На 1 студзеня 2022 года ў краіне афіцыйна дзейнічалі 1916 СМІ. З іх 641 дзяржаўных і 1275 недзяржаўных. У красавіку 2023 года іх колькасць скарацілася да 1194 медыяў, з якіх 548 належаць дзяржаве, 646 – незалежныя. Колькасць апошніх пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну скарацілася амаль у два разы.

Больш за ўсё СМІ зачыняліся ў перыяд з сярэдзіны мінулага гады па красавік бягучага. Да гэтага моманту некаторыя папулярныя медыі былі прызнаныя экстрэмісцкімі, спынілі працу ўнутры Беларусі і ў статыстыку міністэрства інфармацыі не траплялі. Напрыклад, TUT.BY, «Наша Ніва», «Новы час», «Камсамольская праўда ў Беларусі» ды іншыя.

Мацней за ўсё пацярпелі друкаваныя СМІ – газеты і часопісы. За год з лішнім рынак страціў 626 з 1180 выданняў.

Колькасць СМІ скарацілася на фоне ўвядзення ў траўні мінулага году падатку на рэкламу для беларускіх юрыдычных асоб і ІП. Рэкламадаўцаў абавязалі плаціць 20% ад кошту рэкламы, размешчанай у недзяржаўных СМІ. Атрыманыя грошы накіравалі на развіццё дзяржСМІ. Гэта магло выклікаць адток рэкламадаўцаў, якія раней супрацоўнічалі з прыватнымі выданнямі.