Навіны

05 чэрвеня 2023

Мінабароны Беларусі выдзеліла рэкордныя 3,1 млн рублёў на закупы беспілотнікаў «Суперкам». Такія ж мадэлі Расея выкарыстоўвала ва Украіне

Комплекс выкарыстоўваюць для відэаманіторынгу. Максімальная працягласць палёту гэтага БПЛА – 4,5 гадзіны.

Аўтары: БРЦ
Міністэрства абароны Беларусі вырашыла закупіць расейскія тактычныя беспілотныя авіяцыйныя комплексы. Тэндар коштам 3,1 млн рублёў БРЦ знайшоў на партале дзяржзакупаў.

Гаворка ідзе аб двух комплексах «Суперкам С350» (ці аналагах) і аб адным комплексе «Суперкам С150» (ці аналагу). У камплект уваходзяць сам беспілотнік, кіраваныя відэакамеры, батарэі, сродкі дыстанцыйнага кіравання, планшэт і іншыя прылады.

Беспилотники «Суперкам»
Крыніца: supercam.aero

Беспілотнікі «Суперкам» распрацоўвае расейская кампанія «Беспілотныя сістэмы». Суперкам С350 адзін з флагманскіх прадуктаў. Комплекс выкарыстоўваюць для відэаманіторынгу. Максімальная працягласць палёту гэтага БПЛА – 4,5 гадзіны. Пры гэтым ён можа перадаваць інфармацыю на адлегласці да 100 кіламетраў. На сайце вытворцы пазначана, што комплекс можна выкарыстоўваць для «назірання і разведкі», а таксама для абароны дзяржаўных межаў.

Суперкам С150 мае больш сціплыя характарыстыкі. Максімальны час палёту – 2 гадзіны, а максімальная адлегласць для перадачы інфармацыі – 25 кіламетраў.

Такія беспілотнікі Расея як мінімум двойчы – у лістападзе і ў студзені – выкарыстоўвала для разведкі на тэрыторыі Украіны.

Гэта ўжо трэці – і самы дарагі – падобны тэндар ведамства з пачатку вайны. У траўні мінулага года Мінабароны вылучыла крыху больш за 1,8 млн рублёў на пакупку некалькіх дзясяткаў беспілотнікаў DJI Mavic 2 Enterprise Advanсed, а ў чэрвені мінулага года – 2 млн рублёў на комплексы «Суперкам-350» або аналагі. Да гэтага ваеннае ведамства закупляла беспілотныя сістэмы толькі аднойчы – у 2021 годзе.