Пад абмежаванні трапілі кампаніі групы «Ізавак», сярод кліентаў якой былі Apple, Tesla, Samsung і іншыя тэхнагіганты.

Украіна ўвяла санкцыі супраць 58 грамадзянаў РФ і 74 кампаніі з Расеі, Ірану, Узбекістана, Кітая і Беларусі. Адпаведны ўказ падпісаў 9 траўня Уладзімір Зяленскі. Пад абмежаванні трапілі ў тым ліку беларускія кампаніі «Ізавак» і «Ізатэк-М», якія ўваходзяць у групу «Ізавак», расейская «Инжиниринг групп» і кітайская Smart Kit Technology Limited. Паводле дадзеных расследавання БРЦ і партнёраў, яны дастаўлялі ў Расею абсталяванне, якое ўжывалася на прадпрыемствах вайскова-прамысловага комплексу.

24 красавіка БРЦ расказаў пра тое, што кампаніі групы «Изовак» у абыход міжнародных санкцый дастаўлялі ў Расею абсталяванне з ЗША, Нямеччыны, Нідэрландаў і іншых краін. Гэта абсталяванне ўжываецца пры вытворчасці мікраэлектронікі, оптыкі і можа выкарыстоўвацца для стварэння кампанентаў узбраення.

Санкцыі Рады нацыянальнай бяспекі і абароны, якія падпісаў прэзідэнт Украіны, увялі на 10 гадоў. Яны ўключаюць блакаванне актываў, поўнае спыненне гандлёвых аперацый, забарону на транзіт рэсурсаў, ануляванне ліцэнзіяў і абмежаванне на перадачу тэхналогіяў.

Расследаванне было падрыхтавана супольна з некамерцыйнай арганізацыяй па глабальнай бяспецы C4ADS, выданнямі «Важные истории», 15min.lt і праектам украінскай службы «Радыё Свабода» «Схемы», пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».