Навіны

Учора

Ад золата і зброі да канферэнцыі ААН. Як двое беларусаў пакараюць Зімбабвэ

Беларускія бізнесоўцы, фігуранты журналісцкіх расследаванняў, прадстаўляюць афрыканскую краіну на кліматычным саміце.

Аўтары: Святлана Яцкова, Элі Масковіц (OCCRP), Оўэн Гагарэ (The NewsHawks)
Рэдактары: Максім Саўчук, Станіслаў Івашкевіч
Фігуранты міжнародных скандалаў, звязаных з гандлем зброяй і пастаўкамі тэхнікі, беларускія бізнесоўцы Аляксандр Зінгман і Алег Водчыц прыбылі ў Азербайджан на канферэнцыю COP29. На мерапрыемстве ААН, прысвечаным праблемам клімату, абодва прадстаўляюць Зімбабвэ.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».

Аб тым, што беларускія бізнесоўцы прыехалі на COMP29 у Баку як прадстаўнікі ўраду Зімбабвэ, стала вядома дзякуючы апублікаваным 11 лістапада дадзеным ААН аб наведніках канферэнцыі. Аляксандр Зінгман і Алег Водчыц увайшлі ў склад дэлегацыі Міністэрства навакольнага асяроддзя, клімату і дзікай прыроды гэтай афрыканскай краіны. [*]

Абодва бізнесоўцы фігуравалі ў міжнародных скандалах і журналісцкіх расследаваннях.

Алег Водчыц і Аляксандр Зінгман у траўні 2024 года
Крыніца: guineaecuatorialpress.com / Алег Водчыц і Аляксандр Зінгман у траўні 2024 года

Золата, зброя, Беларусь і Афрыка

Аляксандр Зінгман, ганаровы консул Зімбабвэ ў Беларусі, не аднойчы фігураваў у публікацыях медыяў як чалавек з асаблівымі сувязямі ва ўрадзе гэтай краіны. Ягонае імя згадвалася ў рамках праекту па здабычы золата кампаніі Zim GoldFields, які прыцягнуў увагу журналістаў. Зінгман быў адным з канчатковых уладальнікаў гэтай фірмы — да яго вёў ланцужок афшорных кампаніяў. Сам бізнесовец гэта адмаўляў.

Zim GoldFields неаднаразова крытыкавалі за парушэнне экалагічных нормаў. У прыватнасці, здабыча карысных выкапняў, згодна з The News Hawks, вялася ў рэчышчы ракі Одзі, што прывяло да забруджвання вады і ўспышак халеры. Мясцовыя жыхары і эколагі сцвярджалі, што кампанія перанакіравала рэчышча ракі Мутарэ, што пагоршыла стан навакольнага асяроддзя ў рэгіёне. У верасні 2020 года ўрад Зімбабвэ забараніў здабычу ў рэчышчы ракі Мутарэ, але парушэнні з боку Zim GoldFields працягнуліся, а скандалы і скаргі не спыніліся. [*]

Zim Goldfields супрацоўнічала з кітайскімі субпадрадчыкамі, якіх прыцягвалі да распрацовак. У выніку іх дзейнасці, паведамляла выданне The NewHawks, узніклі маштабныя праблемы са здароўем насельніцтва.

Дырэктар зімбабвійскага Цэнтру даследаванняў і развіцця Джэймс Мупфумі ў каментары журналісту OCCRP заявіў, што кампанія Zim GoldFields ад самага пачатку здабычы карысных выкапняў была абароненая ад якой-кольвек адказнасці.

«Нават мясцоваму агенцтву па ахове навакольнага асяроддзя не дазвалялася праводзіць праверкі на адпаведнасць патрабаванням, — кажа Мупфумі. — Нягледзячы на забарону ўраду на здабычу ў рэчышчы рэкаў Zim GoldFields захавала эксклюзіўныя правы на здабычу... Такім чынам, стасункі гэтай горназдабыўной кампаніі і ўраду носяць выключна карыслівы характар і не маюць нічога агульнага з эканамічнымі інтарэсамі жыхароў Зімбабвэ».

Іншая кампанія — Aftrade DMCC, звязаная з Аляксандрам Зінгманам, удзельнічае ў буйных здзелках паміж Беларуссю і краінамі Афрыкі. Яна пастаўляе ў афрыканскія краіны беларускую тэхніку, уключаючы прадукцыю МАЗ, МТЗ, ААТ «Лідсельмаш», ААТ «Гомсельмаш» і ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу "Менскі маторны завод"». Aftrade DMCC заключала пагадненні аб продажы тэхнікі гэтых прадпрыемстваў, паводле дадзеных некаторых зімбабвійскіх медыяў, па завышаных коштах. Сумы вылічваюцца сотнямі мільёнаў долараў. Па дакументах, якія ёсць у распараджэнні БРЦ, Зінгман з'яўляўся адзіным уласнікам Aftrade DMCC з 2019 па 2021 гады. Ці валодае ён кампаніяй на момант публікацыі, мы не ведаем.

Прэзідэнта Зімбабвэ перыядычна фатаграфуюць з Зінгманам, часам у нефармальнай абстаноўцы. Гэта можа сведчыць аб іх блізкіх адносінах. 

Аляксандр Зінгман (злева) з прэзідэнтам Зімбабвэ (пасярэдзіне)
Крыніца: Zimlive.com / Аляксандр Зінгман (злева) з прэзідэнтам Зімбабвэ (пасярэдзіне)

Алег Водчыц — дзелавы партнёр Зінгмана — таксама, паводле інфармацыі The NewsHawks, быў замяшаны ў сумнеўных аперацыях. [*]  У 2021 годзе абодвух затрымалі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга пасля сустрэчы з былым прэзідэнтам Жазэфам Кабілам. Тады іх западозрылі ў незаконных здзелках, звязаных з гандлем зброяй.

«Датычнасць гэтых дваіх да зімбабвійскай дэлегацыі патрабуе расследавання»

Запрашэнне Зінгмана і Водчыца на кліматычны саміт выклікала негатыўную рэакцыю ў некаторых экспертаў і зімбабвійскіх палітыкаў.

Выканаўчы дырэктар Цэнтру кіравання прыроднымі рэсурсамі Зімбабвэ Фарай Магуву кажа, што здарэнне нельга пакідаць без разбораў.

«Датычнасці гэтых дваіх да зімбабвійскай дэлегацыі патрабуе расследавання, улічваючы іх неадназначную гісторыю, якая ўключае ў сябе няякасную здабычу карысных выкапняў і здзелкі са зброяй. Зімбабвэ зноў і зноў дэманструе схільнасць да вядзення бізнесу з фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, чыя прафесійная і дзелавая хватка выклікае сумневы», — сказаў у каментары для OCCRP Фарай Магуву.

Зімбабвійскі палітык Рэгаі Цунга ў каментары журналісту The NewsHawks Оўэну Гагарэ назваў удзел у канферэнцыі Зінгмана і Водчыца каварным учынкам:

«Уключэнне Аляксандра Зінгмана і ягонага дзелавога партнёра Алега Водчыца ў спіс удзельнікаў і гасцей Міністэрства навакольнага асяроддзя з'яўляецца відавочна неправамерным, несумленным, няшчырым і адкрыта падступным учынкам. Гэта свядомая спроба ўвесці ў зман ключавыя міжнародныя аўдыторыі, зацікаўленыя бакі і грамадзянаў Зімбабвэ адносна сумнеўных, разбуральных і няўстойлівых мадэляў вядзення бізнесу і здабычы карысных выкапняў, якімі займаюцца кампаніі, у якіх яны маюць інтарэсы або з'яўляюцца "акцыянерамі". Гэта негатыўна адбіваецца на іміджы ўраду Зімбабвэ і ўзмацняе ўспрыманне карупцыі на высокім узроўні».

Мы звярнуліся ў Міністэрства навакольнага асяроддзя Зімбабвэ з просьбай пракаментаваць сітуацыю, але адказу на момант публікацыі не атрымалі.

«Арышт Зінгмана быў палітычна матываваны»

Мы звярнуліся да Аляксандра Зінгмана і Алега Водчыца па каментары з нагоды іх удзелу на COMP29 і звязаных з гэтым абвінавачванняў. На запыт адказаў юрыст Дэніэл Л. Дэльнера, партнёр кампаніі BGD Legal & Consulting LLC, які прадстаўляе інтарэсы Аляксандра Зінгмана:

«У адказ на пытанні, узнятыя ў Вашым лісце, прадстаўляем наступную інфармацыю:

Спадар Зінгман прыняў удзел у COP29 у сваёй ролі Ганаровага консула Зімбабвэ ў Беларусі. У межах гэтай пасады спадар Зінгман наведвае мерапрыемствы з удзелам і ад імя Зімбабвэ ў краінах СНД.

Як ужо паведамлялася раней, кампанія Zim Goldfields так і не пачала сваю дзейнасць. Кампанія была афіцыйна ліквідаваная ў 2020 годзе і мела актывы ў памеры ўсяго 100 долараў ЗША. Карпаратыўныя дакументы, якія пацвярджаюць ліквідацыю Zim Goldfields, прыкладаюцца да гэтага ліста.

Арышт спадара Зінгмана ў ДРК быў палітычна матываваны, і ў канчатковым выніку ён быў вызвалены ад якіх-кольвек абвінавачванняў уладамі ДРК пасля двухтыднёвага ўтрымання пад вартай і незаконнага допыту. Спадару Зінгману не было высунута абвінавачванняў, і ён не мае ніякага дачынення да гандлю зброяй або горназдабыўной прамысловасці.

Спадзяемся, гэты ліст адкажа на вашыя пытанні. Мы таксама папярэджваем, што любыя ілжывыя паведамленні, або тыя, што ўводзяць у зман, будуць сустрэтыя аператыўнымі юрыдычнымі захадамі, і пакідаем за спадаром Зінгманам права на выкарыстанне ўсіх даступных яму прававых сродкаў».

Дакументаў аб ліквідацыі Zim Goldfields журналісты БРЦ ад Дэльнера не атрымалі. Юрыст даслаў звесткі аб ліквідацыі Midlands Goldfields Limited (MGL), асноўнага сузаснавальніка зімбабвійскай кампаніі. Пры гэтым факт ліквідацыі MGL не перашкаджаў Zim Goldfields функцыянаваць у снежні 2023 года. Паказальна, што яшчэ ўвосень 2021 года ў адказе на запыт журналістаў кампанія Aftrade DMCC адмаўляла сувязь MGL з Аляксандрам Зінгманам. [*]

У сваім другім, удакладняльным адказе БРЦ юрыст Дэніэл Л. Дэльнера працягнуў настойваць: «Сп. Зінгман ніяк не звязаны з Zim Goldfields і, сам па сабе, нічога не ведае аб дзейнасці кампаніі ў 2023 годзе».

Кіроўны дырэктар Карпарацыі развіцця горназдабыўной прамысловасці Зімбабвэ (ZMDC) Блэсінг Чытамбіра ў інтэрв'ю нашым калегам з The NewsHawks заявіў, што «[Midlands Goldfields] па-ранейшаму партнёр [Zim Goldfields]».

На пытанне, ці вядома яму пра тое, што MGL, так званы асноўны акцыянер, быў ліквідаваны 22 верасня 2020 года, Чытамбіра адказаў, што гэта варта ўдакладніць у беларусаў.

Аб тым, што Zim Goldfields LTD працягвае працаваць у Зімбабвэ, можа дадаткова сведчыць і ліцэнзія на здабычу россыпнага золата, атрыманая ў ліпені 2023 года. Яна дзейсная да ліпеня 2025-га. [*]

Дэніэл Л. Дэльнэра, які прадстаўляе інтарэсы Аляксандра Зінгмана, у сваім другім лісце БРЦ удакладніў ролю беларускіх бізнесоўцаў у складзе зімбабвійскай дэлегацыі: яны «даюць рэкамендацыі дэлегацыі Зімбабвэ адносна арыентацыі ў палітычным і дзелавым асяроддзі краінаў СНД» і выступаюць «у якасці кансультантаў дэлегацыі Зімбабвэ».

Як дзейнасць беларускіх бізнесоўцаў уплывае на эканоміку і экалогію ў іншых краінах, чытайце ў нашым расследаванні «Фальшывы “афрыканец” на экспарт. БРЦ раскрыў схему паставак тэхнікі МАЗ у Тога праз ЕЗ».