Эканоміка з Чалым

19 верасня

Чаму даражэюць гародніна і садавіна, калі ў краіне дэфляцыя, а беларусы, якія з'ехалі — катастрофа для Беларусі

У жніўні знізіўся агульны ўзровень коштаў, але плаціна, якая стрымлівае інфляцыю, можа даць шчыліну.

Еўразвяз у 2023 годзе даў першыя дазволы на пражыванне амаль 300 тысячам беларусаў. За год у Беларусі выраслі кошты гародніны і садавіны. Пра што гэта кажа і як апошнія тэндэнцыі адаб'юцца на гаманцах жыхароў краіны эканамічны эксперт Сяргей Чалы і журналістка Вольга Лойка абмеркавалі ў шоў «Чалы: Эканоміка». Публікуем некаторыя моманты гутаркі.
Змест
01:12 У Беларусі скончыліся беларусы
03:17 Рэгуляванне коштаў не працуе
05:50 «Аднаўленчы» рост
11:50 «Прыкмет перагрэву няма»
12:50 Навошта Лукашэнка мадэрнізаваў дрэваапрацоўку?
15.30 «Прасцей новых нараджаць, чым старых адмыць»
17.50 Трэба больш робатаў
19.00 «Прамысловы турызм»

Машына працуе — беларусы з'язджаюць

«281 тысяча з капейкамі першых дазволаў на пражыванне ў Еўразвязе грамадзянам Беларусі. Зразумела, што 91% — гэта Польшча. Што цікава, прыкладна напалову: ВНЖ па працы і 42,5% па іншых прычынах. Іншыя прычыны, чытай, палітыка: міжнародная абарона, гуманітарныя візы. <...> І гэта толькі 2023 год. <...> 

Я думаю, упэўнена можна казаць, што больш за паўмільёна беларусаў знаходзіцца за мяжой. <...> Была ацэнка год таму, прыкладна, [намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Мікалай] Карпянкоў распавядаў пра 350 тысяч з 2020 года. Гэта значыць дадавай яшчэ адзін год, і мы атрымаем ужо нават больш за 600 тысяч. <...> 

Што такое 500-600 тысяч? Гэта, на хвілінку, 6-7% ад агульнага насельніцтва. Працаздольнага насельніцтва ў нас, здаецца, 4,5 [мільёна]». 

БРЦ распавядаў пра прычыны масавага выезду беларусаў у матэрыяле «Міф аб масавай палітэміграцыі. Хто і чаму з'язджае з Беларусі»

У жніўні дэфляцыя, але параўнанне з мінулым годам — не на нашу карысць

«Вельмі цікавая гісторыя з інфляцыяй. Афіцыёз даў справаздачу радасна, што наступіла дэфляцыя, маўляў, у жніўні 2024-га адносна ліпеня 2024-га. То бок, гэта ўсяго толькі месяц да месяца [інфляцыя] знізілася на 0,1%.

Параўнанне з годам таму акурат аказваецца, увогуле, не на нашу карысць, таму што гадавы прырост — жнівень да жніўня — будзе 6,1%. У ліпені было ўсяго 5,5%. Гэта даволі сур'ёзны скачок. А чаму так атрымліваецца? Таму што там дэфляцыя таксама была, але яна была мацней. <...>

З ліквідацыяй сезоннасці, цэны растуць. І растуць, нягледзячы нават на ўсю вось гэтую гісторыю. Сапраўды, вельмі моцны скачок, проста вельмі моцны — 19% у гадавым выражэнні. Гэта гародніна і садавіна ў жніўні».

Імпарту стала менш — беларускае падаражэла

«Гэта рост, які, увогуле, параўнальны або перавышае тыя, якія былі ў момант, калі ніякага стрымлівання цэнавага не было. Што будзе далей з гэтай самай інфляцыяй? Мне падабаецца версія навуковага супрацоўніка BEROC Анатоля Харытончыка. Гэта імпарт. Прычым імпарт не толькі саміх гэтых тавараў (гародніны і садавіны — рэд.), які паменшыўся і таму прапанова стала менш. Таму канкурэнцыя стала менш. Таму беларускія сталі даражэйшымі. А яшчэ і тое, што складаней стала пастаўляць прадукцыю, якая ўплывае на ўраджай: сродкі барацьбы з хваробамі, з усялякімі шкоднікамі і гэтак далей. <...>

Гэта такі момант, які можа апынуцца сведчаннем першых расколін у гэтай плаціне, якую яны (чыноўнікі — рэд.) выбудавалі ад абароны нашай беларускай эканомікі ад інфляцыі».

Устойлівасць валютнага рынку і абменнага курсу пад пагрозай

«У цэлым можна заключыць, што абнуленне станоўчага знешнегандлёвага сальда з'яўляецца следствам апераджальнага росту аб'ёму спажывання імпарту пры адносна слабой працы экспарцёраў, пры слабой знешняй цэнавай кан'юнктуры. Гэта пакуль канстатацыя таго, што здарылася. А вось цяпер пачынаюцца высновы. 

І гэта, мяркуючы па ўсім, далейшае стымуляванне ўнутранага попыту пры тых жа выніках на знешнеэканамічным кірунку. Але мы разумеем, што здагадка пра тое, што тыя ж будуць на замежнапалітычным кірунку, гэтая здагадка досыць моцная. Хутчэй, будзе пагаршэнне на знешнеэканамічным кірунку. [Гэта] ставіць пад пагрозу збалансаванасць валютных плыняў, устойлівасць валютнага рынку і абменнага курсу беларускага рубля і макрафінансавую стабільнасць агулам». 

Беларускія прадпрыемствы, мадэрнізацыя і робаты

«Колькасць робатаў на 10 тысяч працаўнікоў павінна скласці не менш за 150 адзінак. 

Чаму 150 адзінак? Таму што гэта сярэдні сусветны паказнік — 151 робат на кожныя 10 тысяч працаўнікоў. Гэта значыць, мы да 2040-га дасягнем, плануем, абяцаем дасягнуць. Пры гэтым цяпер у Беларусі тры [робаты] на 10 тысяч, у Расеі — 19. <...>

Трэба больш робатаў. Што яны ў нас вырабляць будуць? <...> Мы будзем з дапамогай новых робатаў выпускаць усё тое ж самае, што ў нас было раней. І больш».