Выдаткі растуць, кантроль працягваецца — рэнтабельнасць зніжаецца
«З нагоды пагаршэння становішча кампаніяў. 6,7% — рэнтабельнасць продажаў. Летась было 7,4%, то бок ідзе зніжэнне. Чаму гэта адбываецца? Звычайныя падазраваныя — тры фактары. Даражэе імпарт праз ускладненне паставак і павелічэнне іх кошту. Даражэе рабочая сіла праз недахоп гэтых самых працоўных рук. І кантроль коштаў: вось у цябе выдаткі, а вось у цябе немагчымасць пераносіць гэтыя выдаткі на канчатковага спажыўца праз дзяржаўнае рэгуляванне.
Чаму становіцца зразумелым, што гэта так? На самым-самым канцы рэйтынгу, нескладана здагадацца, — раздробны і аптовы [гандаль] адначасова. Прычым раздробны — 1,2%, аптовы — 0,5%. Гэта калі глядзім бягучае значэнне.
Калі глядзець па галінах, якія мацней за ўсё страцілі ў рэнтабельнасці продажаў, то гэта апрацоўчая прамысловасць».
Нарыў на беларускай эканоміцы, які сам не рассмокчацца
«Эканоміка назапасіла ўжо не кан'юнктурныя, а структурныя абмежаванні, звязаныя менавіта з рынкам працы, з ланцужкамі пастаўшчыкоў, з лагістыкай, ну і з праблемамі збыту. У гэтых умовах занадта хуткая спроба зняць гэтыя дысбалансы прывядзе да таго, што вельмі цяжка будзе адаптавацца. <…>
Эканоміка ўвайшла ў тую фазу, калі бязбольна справіцца з тым, што вы цяпер нарабілі... Груба кажучы, там нарыў расце і ёсць магчымасць, што натуральным чынам усё рассмокчацца. А пасля вы атрымліваеце сітуацыю, калі ён ужо такі, што трэба разразаць яго хірургічным спосабам. Таму што кан'юнктурныя праблемы пачалі быць ужо структурнымі. І гэта, падобна, цяперашні этап. І ў Расеі гэтак жа адбываецца».
Аб тым, як можна закапаць грошы
«У Кітайска-беларускім індустрыяльным парку генеральны дырэктар ТАА “Газпром гелий сервис” распавёў пра тое, што да 2025 года плануецца пабудаваць на тэрыторыі гэтага вялікага ляжачага каменя завод па вытворчасці звадкаванага газу. Дасягнута дамоўленасць з урадам Беларусі аб будаўніцтве заводу па аналогіі з такой жа вытворчасцю ў Валгаградскай вобласці. <…>
А што кажа на гэтым жа самым пасяджэнні намеснік міністра эканомікі Дзяніс Мароз? <...> Пасля ўводу атамнай электрастанцыі ў нас дзяржаўная праграма, нарматыўныя акты на стымуляванне спажывання электраэнергіі. Таму мы акурат хацелі б развіваць электратранспарт, які, безумоўна, з'яўляецца канкурэнтам газаматорнага.
Гэты праект унікальны чым? Што на самым версе рашэнне прынятае, узгодненае, участак вылучаны — будуйце. Пры гэтым для яго няма рынку. Гэты рынак прыйдзецца ствараць асобна. І інфраструктуру для таго, каб гэты рынак быў, таксама прыйдзецца ствараць асобна. Гэта выдатны прыклад таго, як можна закапаць грошы.
І, адпаведна, пытанне: для чаго ўсё гэта робіцца? <...> Мне здаецца, усё даволі проста. Мы пра “Газпром” даўным-даўно ўжо казалі, што ўся сутнасць яго інвестыцыйнай палітыкі палягае не на тым, каб паляпшаць эканамічныя паказнікі самога “Газпрому”, а ў тым, каб даваць замовы падрадчыкам на будаўніцтва чаго заўгодна <...> , каб узбагачаць усялякіх ратэнбергаў».
Аб эвалюцыі паездак Аляксандра Лукашэнкі па прадпрыемствах
«Ёсць перыяд, калі ён ратаваў. [Дзяржпрадпрыемствы] апынуліся ў цяжкім становішчы. Мы падставім плячо, дамо, дапаможам і гэтак далей. Толькі вы мне вярніце потым грошы з прыбыткам.
Пасля ідзе мадэрнізацыя — ён ездзіць, знаходзіць там безгаспадарчасць. Дзе вынікі гэтай самай мадэрнізацыі?
Потым надыходзіць цікавы перыяд, калі па ідэі, ён павінен ездзіць і распавядаць, як дзякуючы майму чуйнаму кіраўніцтву я ўсё выратаваў. Гэты перыяд аказваецца вельмі кароткім. Як толькі гэтыя інвестыцыйныя праекты завяршаюцца, паездкі пачынаюць ператварацца ў “дайце грошай”. Кожная паездка пачынае выглядаць “усё класна, трэба больш золата”. У яго быў момант, калі ён наведаў за кароткі перыяд МАЗ і МТЗ. Яму першае ж пытанне — дайце грошай.
І ў рэшце-рэшт <...> яму сталі да дзяржаўных прадпрыемстваў якія перажылі, як яны цяпер кажуць, мадэрнізацыю, падмешваць паспяховыя прыватныя прадпрыемствы з той жа галіны. Падавалася гэта так: нарада прысвечаная развіццю галіны.
Цяпер сітуацыя якая? Эвалюцыя скончылася цалкам, ён ездзіць на прыватныя прадпрыемствы без наведвання дзяржаўных».