Фэйк №1: Беларусы не ездзяць у Польшчу і краіны Балтыі
Дата фэйка: 25.08.2023
28 жніўня кіраўнікі МЗС Польшчы і краін Балтыі дамовіліся аб поўным закрыцці межаў з Беларуссю, калі там адбудзецца «крытычны інцыдэнт». Напярэдадні гэтай сустрэчы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэтыя кірункі для паездак беларусам і так не вельмі цікавыя. Відэафрагмент заявы апублікавалі 25 жніўня ў тэлеграм-канале «Пул першага».
«Хай зачыняюцца, мы ж усё роўна ў Літву, Латвію не ездзім. І праз іх таксама не працуем», — распавёў Лукашэнка.
Гэта няпраўда. Летась, паводле звестак літоўскай памежнай службы, з Беларусі ў Літву заехала больш за 1,7 млн чалавек. Колькі з іх былі грамадзянамі Беларусі, статыстыка не паведамляе. Прыкладную іх колькасць можна палічыць, выкарыстоўваючы звесткі беларускіх памежнікаў пра 250 тыс. літоўцаў, якія летась наведалі Беларусь і вярнуліся дадому. Калі іх адняць з агульнага патоку перасякаючых беларуска-літоўскую мяжу, застанецца каля 1,5 млн. чалавек. Гэта значыць прыкладна столькі беларусаў, верагодна, прыехалі ў Літву. Амаль столькі ж у 2022 годзе наведалі Польшчу. Звестак латвійскай статыстыкі ў адкрытым доступе няма, а афіцыйныя органы на запыт Weekly Top Fake пакуль не адказалі.
За першае паўгоддзе 2023-га, калі ў Польшчу можна было трапіць толькі праз адзін памежны пераход «Брэст», у краіну заехалі 640 тыс. беларусаў. Паводле звестак за той жа перыяд, 800 тыс. грамадзян Беларусі адправіліся ў Літву.