Антыфэйк / фактчэк

17 студзеня

Фэйкі тыдня: на Захадзе дзецям паказваюць распусныя танцы, а Украіна адмяніла ільготы для ветэранаў ВАВ

А таксама — малдаўскія віны, якія вядомыя толькі ў постсавецкіх краінах, пратэсты палякаў і санкцыі супраць Беларусі за тое, што не дала «стукнуць у спіну Расеі». Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Аўтары:
Рэдактары:

Фэйк №1: На Захадзе дзецям паказваюць сцэны распусты

Дата з'яўлення фэйка: 10.01.2024

Вядоўца Рыгор Азаронак абвінаваціў Захад у маральнай дэградацыі.

«Калі наша радзіма цвёрда стаіць на вялікай хрысціянскай прыгажосці, то Захад, які ідзе на нас клінам, нясе іншае», — заявіў ён у сваёй аўтарскай перадачы «Таемныя спружыны палітыкі» на СТБ 10 студзеня.

Пасля чаго прадэманстраваў відэа, на якім дзеці глядзяць на выступ жанчыны, якая танчыць каля шаста.

«Вось так блудніца Саламея рассоўвае ногі перад пяцігодкамі. Хочаце такога?» — пракаментаваў ён паказанае.

На відэа — танец на пілоне. Ён папулярны і ў Беларусі, дзе прайшло пяць чэмпіянатаў па гэтым кірунку акрабатыкі. У Беларусі таксама ёсць некалькі студый, дзе вучаць танцу і акрабатыцы на пілоне дзяцей.

Фэйк №2: Малдаўскія віны ведаюць толькі на тэрыторыі былога СССР

Дата з'яўлення фэйка: 09.01.2024

У Еўропе няма попыту на малдаўскія віны, распавёў галоўны рэдактар газеты «Менскі кур'ер» Кірыл Казакоў 9 студзеня ў эфіры «Радыё Менск».

— Якая Малдова можа прыйсці на рынак Еўропы і заваяваць сваім віном? Так яно і адбылося. Бо малдаўскае віно смачнае і карыснае, прабачце за выраз, менавіта на нашай тэрыторыі, на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу, мы яго ведаем, — заявіў ён. 

— Там зусім іншы рынак, іншы спажывец, іншае ўсё, — дадаў аглядальнік агенцтва «Менск-Навіны» Аляксандр Новікаў.

— І раптам рэзка малдаване апынуліся нікому не патрэбныя. Яны патрэбныя толькі як чорнарабочыя, плітачнікі, гандляры, таксісты. І зусім не патрэбныя як вытворцы віна, — працягнуў Кірыл Казакоў.

Міністр эканомікі Малдовы 7 студзеня паведаміў, што са студзеня да кастрычніка 2023 года краіна экспартавала на 8,6% больш віна, чым у той жа перыяд 2022-га. Пры гэтым на Еўразвяз прыйшлося 45% экспарту, на краіны СНД — 26%. Паводле звестак Нацыянальнага банку Малдовы, на Беларусь прыпадае 18% экспарту малдаўскага віна, на Расею — 2%.

Фэйк №3: Ва Украіне адмянілі ільготы для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны

Дата з'яўлення фэйка: 08.01.2024

Тэлеграм-канал «ЖС Прэміум» 8 студзеня паведаміў, што ўкраінскія ўлады спыняюць падтрымку ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

«Кабмін Украіны ўхваліў выхад з пагаднення краін СНД аб устанаўленні для ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны дадатковых ільгот і матэрыяльнай дапамогі. Ветэраны пазбаўляюцца ўстаноўленых выплат на падставе таго, што пагадненні паміж краінамі нібыта "страцілі сваю актуальнасць". 

Хоць больш падобна да таго, што ва Украіны тупа няма грошай у бюджэце і пачаўся секвестр пенсіяў і сацыяльных выплат. Пачалі з тых, з кім даўно хацелі паквітацца за тое, што ўкраінцы 70 гадоў жылі пад мірным небам, будавалі заводы, дарогі і масты, выхоўвалі дзяцей, а не "пілі баварскае"» , — гаворыцца ў посце гэтага канала.

Пагадненне, пра якое ідзе гаворка, тычылася адначасовых выплат удзельнікам ВАВ да 50-годдзя Перамогі, якое адзначалася ў 1995 годзе. Краіны, якія падпісалі яго, абавязаліся даць ветэранам 50% зніжкі на тарыфы на кватэрныя тэлефоны, а таксама «прыняць меры па бясплатным забеспячэнні ў 1995-1996 гадах жылымі памяшканнямі інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны».

Грошы да 50-годдзя Перамогі выплачаныя амаль 30 гадоў таму, а ільгота на тарыфы стацыянарнай тэлефоннай сувязі для ўдзельнікаў ВАВ прапісаная ва ўкраінскім законе аб статусе ветэранаў.

Фэйк №4: Мільёны палякаў выйшлі на марш пратэсту

Дата з'яўлення фэйка: 10.01.2024

У Варшаве 11 студзеня прайшоў «Марш свабодных палякаў». Яго ўдзельнікі пратэставалі супраць дзеянняў новага польскага ўраду. У той жа дзень тэлеграм-канал «ЖС Прэміум» апублікаваў пост з фотаздымкам шматлікага мітынгу.

«Ого-колькі! На пшэкамайдан у абарону дыктатуры партыі PiS сагналі мільёны праціўнікаў дыктатуры [новага прэм'ер-міністра Дональда] Туска. Біпалярачка па-панску», — напісалі аўтары гэтага ТГ-каналу.

Гэта фота зроблена не ў Варшаве, а ў карэйскім Сеуле ў 2016 годзе. «Марш свабодных палякаў» быў не такі шматлікі. Па розных падліках ён сабраў ад 35 да 300 тысяч чалавек.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Палітыка краіны» таксама апублікаваў нібыта фотаздымкі і відэа з пратэстаў у Польшчы. На іх — кадры з «Маршу мільёнаў сэрцаў», які прайшоў у Польшчы ў кастрычніку летась. На яго тады сабралася каля мільёна праціўнікаў партыі «Права і справядлівасць» (PiS).

Фэйк №5: Беларусь трапіла пад санкцыі, бо не дала «стукнуць у спіну Расеі»

Дата з'яўлення фэйка: 28.12.2023

Вядоўца Ірына Бардзілоўская 28 снежня ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 4 Магілёў» распавяла пра прычыны ўвядзення санкцый супраць Беларусі.

«У 2022-м, з пачаткам спецыяльнай ваеннай аперацыі, наша краіна не дала стукнуць у спіну Расеі. І Захад адразу ж ахрысціў яе краінай-суагрэсарам і пачалося: эканамічныя санкцыі, закрытыя межы, мілітарызацыя краін-суседак і асабліва Польшчы», — заявіла яна.

Санкцыі супраць Беларусі за вайну Расеі ва Украіне ўвялі 2 сакавіка 2022 года.

«Беларусь падтрымлівае расейскую вайсковую агрэсію супраць Украіны, у прыватнасці, дазваляючы Расеі запускаць балістычныя ракеты з беларускай тэрыторыі, забяспечваючы транспартаванне расейскага вайсковага персаналу і цяжкага ўзбраення, танкаў і вайсковых транспарцёраў, дазваляючы расейскім вайсковым самалётам пралятаць праз беларускую паветраную прастору на тэрыторыю Украіны, даючы пункты дазапраўкі, а таксама захоўваючы расейскую зброю і вайсковую тэхніку ў Беларусі», — гаворыцца ў іх абгрунтаванні. 

Пра асаблівую місію Беларусі «абараняць спіну расейскім узброеным сілам» Аляксандр Лукашэнка заявіў пасля ўвядзення санкцый — 10 сакавіка 2022 года.