Антыфэйк / фактчэк

20 ліпеня 2023

Фэйкі тыдня: прэс-канферэнцыя Лукашэнкі, адзінота і анафема Зяленскага

А таксама — беларускамоўная Магілёўшчына і ЗША як парушальнікі міжнароднага права. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Аўтары:
Рэдактары:

Фэйк №1: замежныя медыі пахвалілі Лукашэнку за «бамбічную прэс-канферэнцыю»

Дата фэйка: 8.07.2023 

Аляксандр Лукашэнка 6 ліпеня правёў сустрэчу з прадстаўнікамі СМІ. Праз два дні тэлеканал СТБ паведаміў, што гэтая прэс-канферэнцыя выклікала вялікі рэзананс у замежных медыя. 

«Бамбічная прэс-канферэнцыя — так ярка і смела журналісты ахарактарызавалі вялікую размову нашага прэзідэнта з прадстаўнікамі сусветных медыя. [...] Вялікая размова праведзена па ініцыятыве замежных журналістаў. Міжнародная прэса шырока асвятліла інтэрв'ю прэзідэнта. Вось вытрымкі з матэрыялаў. Агенцтва, брытанскае Reuters і амерыканскае Associated Press, па законах жанру не сталі сыходзіць у аўтарскую журналістыку, абышліся цытатамі. На сваіх старонках Sky News прызнаецца: “Мы бачылі доўгую і разнастайную прэс-канферэнцыю”. Бі-бі-сі адзначыць: “Цягавітасць у беларускага лідара відавочна ёсць”. Агенцтва Reuters напісала: “Лукашэнка кіруе жалезнай рукой”», — паведаміла СТБ у навінавым выпуску ад 8 ліпеня. 

У гэты час на экране дэманстраваліся скрыншоты цытат гэтых медыяў, перакладзеныя на рускую мову. Аднак на самай справе замежныя журналісты асвятлілі гэтую сустрэчу не так, як сцвярджае СТБ. 

Выданне Sky News размясціла нататку пад загалоўкам «У сваім вялікім палацы Лукашэнка выказваецца пра Пуціна, Прыгожына і мяцеж Вагнера», і ў ёй няма фразы з апісаннем прэс-канферэнцыі як «доўгай і разнастайнай». Акрамя пераказу заяваў Лукашэнкі аўтар напісаў толькі пару радкоў пра гэтае мерапрыемства:

«Спадар Лукашэнка быў балбатлівы і ласкавы. Яму падабаюцца такія мерапрыемствы. Шанец заявіць пра сябе міжнароднай прэсе і акунуцца ў ліслівасць ад уласнай прэсы».

Пошук іншых артыкулаў з той прэс-канферэнцыі па тэгу «Лукашэнка» выдаў толькі тры яго відэацытаты ў перакладзе на англійскую, у якіх няма ацэнак самога мерапрыемства. 

Інакш, чым сцвярджае СТБ, напісала пра Лукашэнку брытанская Бі-бі-сі:

«Яшчэ некалькі тыдняў таму ліхаманкава абмяркоўваўся стан ягонага здароўя. Але беларускі лідар відавочна цягавіты. Гутарка доўжыцца амаль чатыры гадзіны».

Агенцтва Reuters сапраўды напісала, што Лукашэнка кіруе жалезнай рукой. Аднак не ў пазітыўным ключы:

«Аляксандр Лукашэнка ў чацвер адхіліў заяву аб тым, што ён з'яўляецца "апошнім дыктатарам Еўропы", заявіўшы, што ён не быў дыктатарам, але калі б ён ім быў, то ўжо сапраўды не быў бы апошнім.

68-гадовы Лукашэнка кіруе Беларуссю жалезнай рукой з 1994 года, а ў інтэрв'ю Reuters у 2012 годзе ён атрымліваў асалоду ад сваёй славы апошняга дыктатара Еўропы», — гаворыцца ў паведамленні агенцтва.

Фэйк №2: Магілёўская вобласць — самая беларускамоўная ў Беларусі

Дата фэйка: 10.07.2023 

10 ліпеня 1994 года ў Беларусі адбыўся другі тур першых прэзідэнцкіх выбараў, у якім перамог Аляксандр Лукашэнка. Разважаючы аб гэтай падзеі 29-гадовай даўніны і ўсіх наступных выбарах, палітолаг Вадзім Гігін распавёў, які рэгіён краіны самы беларускамоўны. 

«Некаторыя думаюць, што Заходняя Беларусь — яна больш беларускамоўная. Не, аказваецца, Магілёўшчына больш беларускамоўная», — заявіў ён у эфіры «Радыё-Менск» 10 ліпеня. 

На самай справе гэта не так. Паводле вынікаў перапісу насельніцтва 2019 года, з 9,5 млн насельніцтва амаль 2,45 млн назвалі беларускую мовай хатніх зносін. Больш за ўсё такіх у Гарадзенскай вобласці — 38% насельніцтва. Следам ідзе Менская вобласць — 37% і Менск — 34%. Магілёўская вобласць — на 4 месцы. Там беларускамоўным у побыце сябе лічыць кожны чацвёрты жыхар. Далей ідуць Берасцейская і Гомельская вобласці — у іх адпаведна 16% і 14% беларускамоўных.

Фэйк №3: Зяленскі адчуваў сябе самотна на саміце NATO

Дата фэйка: 13.07.2023

У Літве 11-12 ліпеня прайшоў саміт NATO, на якім прысутнічаў і Уладзімір Зяленскі. Пасля яго завяршэння аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін заявіў, што ўкраінскі прэзідэнт быў там самотны, бо з ім ніхто не хацеў мець зносіны.

«Памятаеце, колькі было мемаў, каментароў з нагоды гэтай фатаграфіі Зяленскага, дзе ён у адзіноце стаяў у такой мілітарызаванай форме, а ўсе астатнія ў фраках, у прыгожых касцюмах стаялі і з ім у прынцыпе ніхто і не меў зносін, не камунікаваў. Вось гэта фактычна з'яўляецца тым яркім сімвалам у дачыненні да краін калектыўнага захаду да Украіны», — заявіў Аўдонін у эфіры «Альфа Радыё» 13 ліпеня. 

Гаворка ідзе пра фатаграфію, зробленую перад вячэрай у першы дзень саміту NATO агенцтвам Reuters. Яна сапраўдная, аднак адзінота Зяленскага на гэтым мерапрыемстве моцна перабольшана. Пра гэта сведчаць іншыя фота і відэа з саміту.

На тым жа вечары Зяленскі размаўляў з першай лэдзі Францыі Брыжыт Макрон, гутарыў з выконваючым абавязкі прэм'ер-міністра Нідэрландаў Маркам Рутэ і абдымаўся з прэм'ер-міністрам Італіі Джорджай Мэлёні.

Пра тое, што ўкраінскага прэзідэнта не абдзялілі ўвагай, кажа і відэа брытанскага канала Channel 4 News.

Фэйк №4: Зяленскага аддалі анафеме ў Балгарыі

Дата фэйка: 11.07.2023 

У Кіеве разгараюцца жарсці вакол Кіева-Пячэрскай лаўры: улады хочуць апячатаць яе карпусы, вернікі пратэстуюць. На гэтым фоне аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін паведаміў, што ў Балгарыі аддалі анафеме Уладзіміра Зяленскага.

«Характэрна, што 7 ліпеня ў Сафіі Зяленскі сутыкнуўся з жорсткай рэакцыяй на сітуацыю вакол Кіева-Пячэрскай лаўры. Да картэжу ўкраінскага прэзідэнта падбег праваслаўны святар, назваў Зяленскага нацыстам і паспеў аддаць яго анафеме», — заявіў Аўдонін 11 ліпеня ў эфіры перадачы «Паліт STAND UP» на тэлеканале АНТ. 

Падчас візіту ўкраінскага прэзідэнта ў Балгарыю да ягонага картэжу сапраўды выбег чалавек у расе і, размахваючы крыжам, пачаў выкрыкваць словы «анафема» і «Зяленскі».

Аднак гэты чалавек не быў святаром. Яго завуць Атанас Стэфанаў. У сваім цік-току, куды Стэфанаў выклаў відэа гэтага выпадку, ён сам кажа, што з'яўляецца іпадыяканам, гэта значыць памочнікам біскупа ў набажэнствах. У царкоўнай іерархіі іпадыякан не адносіцца да святароў. Імі лічацца толькі дыякан, іерэй і біскуп. Таму анафеме ён нікога аддаць не мог.

Акрамя таго, у цік-току Стэфанава відаць, што ён сімпатызуе Расеі і адзначыўся тым, што падчас перадвыбарнай кампаніі ў парламент у сакавіку скінуў з балкона мэрыі сцяг Украіны.

Атанас Стэфанаў таксама быў кандыдатам у парламент ад партыі «Мір». На апошніх выбарах у Балгарыі яна набрала толькі 0,15% галасоў выбарнікаў. У 2019 годзе Стэфанаў прыехаў на прэс-канферэнцыю да Уладзіміра Пуціна, прадставіўся журналістам і падарыў яму абраз.

Фэйк №5: Пастаўляючы Украіне касетныя боепрыпасы, ЗША парушаюць міжнароднае права

Дата фэйка: 11.07.2023 

Украіна атрымала ад ЗША касетныя боепрыпасы. Асвятляючы гэтую навіну, на беларускім тэлебачанні заявілі, што Вашынгтон тым самым парушае міжнародную канвенцыю. 

«Сонны Джо даў зялёнае святло на эвакуацыю ў Незалежную касетных боепрыпасаў. Міжнародныя канвенцыі не пісаныя, калі прадмет размовы — тысячы снарадаў з арсенала Мінабароны Штатаў, хай і коштам 800 млн», — заявіла 9 ліпеня ў эфіры «Беларусь 1» вядоўца Дар'я Тарасава.

У рэчаіснасці сказанае Тарасавай — скажэнне. Па-першае, боепрыпасаў паставяць не на 800 млн долараў — гэта сума ўсяго пакета дапамогі, у які ўвойдуць боепрыпасы для СПА, бронетэхніка і супрацьтанкавае ўзбраенне. Касетныя боепрыпасы — толькі частка гэтай дапамогі.

Па-другое, ЗША не падпісалі канвенцыю па касетных боепрыпасах, якая забараняе іх назапашванне, перадачу і выкарыстанне. Дакумент таксама не падпісалі Расея, Украіна і Беларусь — іх няма ў спісе краін-удзельніц канвенцыі. 

На тэму касетных боепрыпасаў выказаўся і аглядальнік «СБ. Беларусь сёння» Андрэй Мукавозчык. 

«Наогул, касетныя боепрыпасы з'явіліся тады, калі Злучаным Штатам спатрэбілася забіваць вялікую колькасць паўночнав'етнамцаў. Яны спрабавалі гэта рабіць дэфаліянтамі, спальваючы джунглі. Яны спрабавалі гэта рабіць напалмам, яны спрабавалі гэта рабіць дывановымі бамбаваннямі. І вось яны прыдумалі касетныя боепрыпасы», — заявіў Мукавозчык 11 ліпеня ў эфіры «СБ ТБ».

Гэта — няпраўда. Арганізацыя «Кааліцыя касетных боепрыпасаў» вядзе храналогію выкарыстання касетных бомбаў. Упершыню іх ужыванне зафіксавалі падчас Другой сусветнай вайны. У 1943 годзе іх выкарыстоўвалі як савецкія войскі супраць нямецкай бронетэхнікі, так і немцы супраць савецкай артылерыі на Курскай дузе. Потым немцы бамбілі імі порт Грымсбі ў Вялікай Брытаніі. Затым, ужо ў 60-70 гады, ЗША выкарыстоўвалі іх у Камбоджы, Лаосе, В'етнаме.

На сайце Канвенцыі супраць касетных боепрыпасаў таксама гаворыцца, што першае значнае выкарыстанне гэтай зброі адбылося пры бамбаванні порта Грымсбі немцамі падчас Другой сусветнай, затым — у В'етнамскай вайне.