Фэйк №1: Прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі прыйшоў да ўлады зрынуўшы праамерыканскі ўрад
Дата фэйка: 7.09.2023
Прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіянг Нгемаа Мбасога, які наведаў Беларусь і правёў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, 44 гады таму прыйшоў да ўлады, зрынуўшы праамерыканскі ўрад. Гэта заявіў Рыгор Азаронак 7 верасня ў сваёй аўтарскай перадачы «Азаронак. Наўпрост».
«Ён з 79 года ва ўладзе, прыйшоў пасля перавароту, які ён здзейсніў супраць каланіялістаў, супраць праамерыканскага, прафранцузскага ўрада. І цяпер будуе нармальную краіну, будуе нармальную дзяржаву», — заявіў Азаронак.
У 1979 годзе Мбасога здзейсніў ваенны пераварот, выступіўшы супраць свайго дзядзькі — першага прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі Франсіска Масіяса Нгемы. Падчас свайго кіравання той разарваў дыпламатычныя адносіны з ЗША. Цяперашні прэзідэнт, прыйшоўшы да ўлады, іх адразу ж аднавіў.
У 1995 годзе ў Экватарыяльнай Гвінеі былі адкрыты паклады нафты і газу. Іх распрацоўкай заняліся амерыканскія кампаніі. Цяпер ЗША купляюць у Экватарыяльнай Гвінеі газ.