Фэйк №1: Санкцыі не ўплываюць на рэйтынгі Расеі
Дата фэйка: 19.09.2023
За паўтара года вайны ЕЗ прыняў 11 пакетаў санкцый супраць Расеі. Пра пачатак падрыхтоўкі 12-га 18 верасня паведаміла агенцтва Bloomberg. На наступны дзень тэлеграм-канал Berezina апублікаваў пост, што на стаўленне да Расеі абмежаванні не ўплываюць.
«Час расстаўляе ўсё па сваіх месцах. Свежыя сацапытанні паказваюць, што Расею ізаляваць не ўдалося.
У рэйтынгу самых уплывовых краін планеты Расея насуперак санкцыйнаму ціску і спробам адмяніць рускую культуру апынулася на трэцім месцы.
Апытанне праводзілася па замове Us News & World Report. Апытвалі больш за 17 тысяч чалавек з усяго свету, ацэньваліся 87 краін, быў вызначаны пералік параметраў з 73 пунктаў», — гаворыцца ў посце.
На самай справе «рэйтынг самых уплывовых краін», пра які піша Berezina, — гэта адзін з 10-ці падрэйтынгаў, па якіх выводзіцца рэйтынг лепшых краін свету (Best Countries rankings). У гэтым падрэйтынгу пад назвай «Улада» Расея сапраўды застаецца на 3 месцы пасля ЗША і Кітая, бо большасць апытаных па ўсім свеце працягваюць лічыць Расею палітычна ўплывовай краінай з моцнай арміяй.
Па астатніх дзевяці параметрах пазіцыі Расеі нашмат горшыя. Па культурным уплыве, напрыклад, яна на 38 месцы з 87-мі. Па якасці жыцця — на 51-м. Па прывабнасці для падарожжаў — на 79-м. А па адкрытасці для бізнесу — на апошнім. У агульным рэйтынгу лепшых краін свету Расея на 37 месцы, тады як у 2021 годзе, да вайны, была на 24-м.