Антыфэйк / фактчэк

10 красавіка

БТ паказала французскага журналіста, які дапусціў віну Украіны ў тэракце ў «Крокусе». Мы паслухалі, што ён сказаў у рэчаіснасці

Па-першае, «Ісламская дзяржава» не адышла ў нябыт, як кажа Сыч.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 31.03.2024
Беларускае дзяржТБ настойвае на датычнасці Украіны да тэракту ў расейскім «Крокус Сіці Холе». У пацвярджэнне гэтай версіі вядоўца «Беларусь-1» Андрэй Сыч паказаў урывак прамовы французскага журналіста, які нібыта намякае на віну Украіны. Каманда Weekly Top Fake разабралася, што тут не так. 

Карэспандэнт «Беларусь-1» Андрэй Сыч заявіў у навінах 31 сакавіка 2024 года, што «для большай дакладнасці нават адкапалі з нябыту ІДІЛ, які ўзяў усю адказнасць на сябе». І дадаў, што «не ўсе паверылі ў гісторыю, згатаваную на хуткую руку, і задаюцца заканамернымі пытаннямі». Далей паказалі відэа з французскім журналістам. 

«Калі вы чуеце тлумачэнні Зяленскага ў тым духу, што гэта зрабілі расейскія спецслужбы, гэта было б вельмі па-дурному. Ён сказаў гэта занадта рана. А затым, калі ён сцвярджае, што Украіна ніколі не выкарыстоўвала тэрарызм як зброю барацьбы, ён кпіць над светам, таму што нават калі забыцца пра Паўночны паток, мы ўсё яшчэ чакаем афіцыйнай праўды пра падрыў аўтамабіля Дугіна пад Масквой. Дакладней падрыў яго дачкі, якая загінула. Потым забойства антыўкраінскага блогера падчас тэракту ў кавярні ў Санкт-Пецярбурзе. Гэта напады, якія былі ажыццёўленыя ўкраінскімі спецслужбамі», — нібыта сцвярджае французскі журналіст. 

Па-першае, «Ісламская дзяржава» не адышла ў нябыт, як кажа Сыч. За два дні да тэракту ФСБ паведаміла, што затрымала ў Маскве баевіка. У дзень тэракту ў расейскіх СМІ з'явілася інфармацыя, што ў Інгушэціі затрымалі 30 памагатых баевікоў ІД. 7 сакавіка ФСБ паведаміла, што перадухіліла напад баевіка ІД на сінагогу ў Маскве. 

Па-другое, Андрэй Сыч даў толькі частку інтэрв'ю французскага журналіста, які адказваў на пытанне «ці можна выключаць удзел украінскай улады ў гэтым тэракце?». Адказ, які прагучаў у канцы, — «я не ведаю». Гэта частка дыскусіі ў студыі тэлеканалу CNews, якую не паказалі па беларускім дзяржТБ:

— Слухай, Уладзімір Пуцін, не здолеўшы ўхіліцца ад нападу, мае тэндэнцыю хацець яго эксплуатаваць і аб'яднаць людзей, якія стаяць за ім, паказваючы на ворага. <...> Калі б украінцы былі настолькі вар'яцкія, каб арганізаваць такі напад з улікам усіх захадаў бяспекі…

— Гэта не тое, што я сказаў. Я кажу пра ўкраінскія спецслужбы …

— Калі б украінцы былі настолькі вар'яцкія, каб арганізаваць тэракт такога кшталту, яны пайшлі б на неверагодную рызыку і атрымалі б нікчэмную выгаду. Яны паставілі б сябе пад рызыку асуджэння з боку заходняга грамадства. <...> 

— Але ці можам мы цалкам выключыць, што гэта наогул не ўкраінская ўлада?

— Гэта было маё пытанне.

— Ці былі планы дапамагчы сысці ад мафіі? Не, гэта не тое ж пытанне, Паскаль.

— Я не ведаю. 

Арганізацыя «Ісламская дзяржава» (ІД) прызнаная тэрарыстычнай у ЕЗ, ЗША, Расеі і многіх іншых краінах свету.