Аляксандр Лукашэнка 2 красавіка 2024 года перасцярог людзей ад эміграцыі з Беларусі. Запіс выступу паказалі па АНТ.
«Вы туды пазірайце, хадзіце, глядзіце, можаце заехаць нешта купіць, але памятайце, што страціце апору і карані свае тут, — бяда. Вось ірванулі некаторыя туды, а цяпер закідалі камісію [генеральнага пракурора Андрэя] Шведа заявамі — хочам вярнуцца», — сказаў ён, выступаючы перад жыхарамі Горадні.
19 лютага 2024 года генеральны пракурор Андрэй Швед у Палаце прадстаўнікоў заявіў, што за год працы камісія па вяртанні разгледзела 37 рэальных заяў ахвотных вярнуцца. Вынік іх працы — за год на радзіму вярнуліся каля дзесяці чалавек.
Усяго камісія атрымала 150 заяў. Як патлумачыў генпракурор, у большасці з іх заяўнікі альбо не прапісалі анкетныя звесткі і не прыклалі свае дакументы, альбо проста прасілі даць тлумачэнні. А часам гэта былі лісты з пагрозамі ці не па тэме.