«Гэта чалавек, які трымае слова… Калі ён казаў, ён абяцаў, ён робіць», - заявіла ў эфіры «Альфа Радыё» дырэктар прадстаўніцтва тэлеканала «Мір» у Беларусі Вольга Шпілеўская.
«Кіраўнік дзяржавы ні разу ні ў чым не падвёў нас з вамі, ні наш народ, ні нашу краіну», - сцвярджае кіраўнік Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
Мы гатовы нагадаць, што Лукашэнка абяцаў, але так і не выканаў.
Пра сярэдні заробак у тысячу долараў, які ён паабяцаў даць беларусам да 2015 года, ужо неяк нават і няёмка ўспамінаць. Таму возьмем іншыя прыклады.
Напрыклад, у 2010-м ён даў слова аднавіць і кансерваваць замкі за 7 год.
«Гэта невялікія грошы на 7 гадоў. Мы абавязкова іх адновім. За 7 гадоў гэта пад'ёмна па грошах».
За гэтымі словамі ў 2012-м запусцілі дзяржпраграму «Замкі Беларусі», разлічаную да 2018 года. У яе ўнеслі 7 замкаў Беларусі, якія захаваліся, і 7 моцна разбураных.
Але ў 2013 годзе Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са студэнтамі заявіў, што ў краіне ёсць справы і больш важныя, чым аднаўленне замкаў.
«Так, мы маглі б аднавіць усе замкі за адну пяцігодку, аднак, на мой погляд, і гэта можа не спадабацца гісторыкам, якія тут сядзяць, на дадзеным этапе важней для тысяч шматдзетных сем'яў пабудаваць кватэры, чым з руін і попелу аднаўляць замкі».
У выніку дзяржпраграма расцягнулася ў часе. Аднавілі Мірскі. Нясвіжскі, Косаўскі, Лідскі замкі. У замку Наваградка закансервавалі тры вежы і адрэстаўравалі адну. Закансервавалі з частковай рэстаўрацыяй рэшткі замка Сапегаў у Гальшанах. Палацаваму комплексу ў Ружанах пашанцавала менш - яго аддалі на водкуп мясцовага бюджэту, таму будынак тэатральна-манежнага корпуса аднаўляюць ужо 10 гадоў, а да галоўнага корпуса так і не дабраліся.
У 2011 годзе Лукашэнка паабяцаў, што прыкладна праз 5 гадоў да кожнага абласнога цэнтра з Мінска пабудуюць «аўтабаны нямецкага ўзроўню».
У рэальнасці дарога на Віцебск будуецца да гэтага часу. Патрабуецца фінансаванне на рэканструкцыю брэсцкай трасы М1. І зь нямецкімі аўтабанамі беларускія маюць мала агульнага. Аўтабаны ў ФРГ абсталяваны агароджай пасярэдзіне дарогі, платамі для абароны дзікай прыроды, частымі стаянкамі з прыбіральнямі, а праз кожныя 2 км тэлефоны экстраных службаў. Хуткасць руху па іх у Нямеччыне не абмежавана. У Беларусі нічога гэтага няма, а максімальная дазволеная хуткасць дасягае 120 км за гадзіну толькі на асобных участках беларускіх аўтадарог.
Яшчэ Лукашэнка абяцаў раздаць пазыкі і больш ніколі не браць новых.
«Мы за пяць гадоў вырашым праблему даўгоў. І на працягу 5 гадоў мы плануем, разлічыўшыся па даўгах на працягу 5 гадоў, ніколі не запазычаць».
Гэта ён сказаў у жніўні 2015 года. На той момант дзярждоўг Беларусі складаў 26 млрд. рублёў або 25% ад ВУП краіны. Знешняя пазыка складала 12 млрд даляраў. Цяпер дзярждоўг вырас да 58 млрд рублёў - гэта 34% ВУП Беларусі. Знешні дзярждоўг вырас да 18 млрд. долараў.
У 2008 годзе Аляксандр Лукашэнка даў інтэрв'ю тэлеканалу Russia Today і інфармацыйнаму агенцтву РІА Навіны. І пафантазіраваў, якой будзе Беларусь праз 10 гадоў.
«Сваю краіну я бачу стабільнай дзяржавай, дзе праз 10 гадоў будуць жыць не 10 млн., а 13 млн. чалавек, дай Бог».
А ў рэальнасці праз 10 гадоў насельніцтва Беларусі наадварот скарацілася. У 2008 годзе яно складала 9 млн. 542 тысячы чалавек. У 2018 Белстат ужо налічыў 9 мільёнаў 448 тысяч. Гэта значыць, не далічыўся каля 100 тысяч чалавек. Літаральна праз тры гады, да 2021-га, колькасць беларусаў скарацілася яшчэ на 100 тысяч чалавек - да 9 мільёнаў 349 тысяч.