Антыфэйк / фактчэк

01 красавіка 2022

Фэйкі тыдня: Іван Эйсмант паабяцаў звольніцца або застрэліцца, калі беларускія дзяржаўныя СМІ зловяць на хлусні

Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант у эфіры праграмы «Клуб рэдактараў» заявіў, што беларускія дзяржаўныя СМІ самыя сумленныя ў свеце

Аўтары:
Рэдактары:
Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант у эфіры праграмы «Клуб рэдактараў» заявіў, што беларускія дзяржаўныя СМІ самыя сумленныя ў свеце.

«Калі б нас так, як CNN за апошнія нават паўтара года, столькі разоў злавілі на адкрытай хлусні, напэўна, трэба было пайсці ў лепшым выпадку напісаць заяву, а ў былыя часы застрэліцца», – заявіў Эйсмант.

Мы адмаўляемся несці адказнасць за магчымы суіцыд кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі. Тым не менш, мы ўжо некалькі гадоў кожны тыдзень выкрываем фейкі беларускай прапаганды.

Прывядзем толькі некалькі прыкладаў, як на дзяржТВ толькі на гэтым тыдні хлусілі сваім тэлегледачам.

Творчасць Уладзіміра Жырыноўскага выдалі за планы Польшчы па падзеле Украіны

Пачнём з тэлеканала АНТ. Ён паведаміў, што Захад гатовы да драбнення Украіны. 

«Польскае тэлебачанне паказала карту падзелу Украіны. На гатоўнасць Захаду да драбнення краіны звярнуў увагу былы дэпутат Вярхоўнай Рады Ілля Ківа. У сябе тэлеграм канале ён апублікаваў частку карты, якую паказалі ў эфіры польскага тэлеканала. На малюнку ў складзе Польшчы Львоўская, Івана-Франкоўская, Валынская, Ровенская і Тэрнопальская вобласці. Румынія вырасла за кошт Чарнавіцкай вобласці, а Венгрыя за кошт Закарпацця. У складзе незалежнай Украіны па версіі польскага ТБ застануцца толькі цэнтральныя і паўночныя рэгіёны краіны».

АНТ не сказала, што згодна з гэтай жа картай, поўдзень і ўсход Украіны Польшча нібыта аддала Расіі. А вось расейскія СМІ пра гэта не забыліся. Таму, каб дапоўніць інфармацыю АНТ, звернемся па дапамогу да канала «Салаўёў Лайф».

«Увесь поўдзень Украіны, у тым ліку Адэскую, Мікалаеўскую, Херсонскую, Запарожскую, Днепрапятроўскую і Харкаўскую вобласці і Данбас шчодрай рукой палякаў аддалі Расіі. А ў складзе самой Украіны засталіся цэнтральныя і паўночныя вобласці краіны. Гэта настроі польскага грамадства? Гэта насамрэч так?»

Насамрэч гэтай нібыта польскай мапе ўжо 8 гадоў. Расейская прэса перыядычна пра яе ўспамінае, як пра сенсацыю. Вось, напрыклад, у 2015 годзе яе ўжо публікавала газета «Камсамольская праўда».

Толькі АНТ і канал «Салаўёў Лайф» не сказалі, што аўтарам гэтага падзелу Украіны выступілі не палякі, а расійскі палітык Уладзімір Жырыноўскі. 

«Пасля акупацыі Крыма, Расея прапануе нам далучыцца да падзелу Украіны.

Пацьвярджаю, што амбасада Польшчы ў Маскве атрымала ліст ад спадара Ўладзімера Жырыноўскага, дэпутата расейскай Думы. У якім ён паўтарае тое, што ўжо шмат разоў казаў у Думе і ў расейскіх СМІ.

У лісце, да якога атрымалі доступ Wiadomości, Польшчы прапануецца правядзенне рэферэндуму ў пяці заходніх абласцях Украіны аб далучэнні да польскай тэрыторыі. Аналагічную прапанову атрымалі Венгрыя і Румынія. Інфармацыі аб тым, на якія менавіта рэгіёны хацела б прэтэндаваць Расія, няма. Але толькі межы цэнтральнай часткі засталіся б сённяшняй Украіне».

Гэта значыць, польскае тэлебачанне намалявала карту раздзела, каб растлумачыць, што прапануе зрабіць з Украінай Расія ў асобе дэпутата Дзярждумы Уладзіміра Жырыноўскага. У сюжэце гаворыцца, што ліст ад яго Амбасада Польшчы ў Маскве атрымала 17 сакавіка 2014 года. 

Мы знайшлі запіс выступу Уладзіміра Жырыноўскага, датаваны 18 сакавіка таго ж года - гэта значыць адразу пасля адпраўлення лістоў у амбасады - дзе ён адкрыта агучвае тыя ж прапановы.

«Заходняя Украіна - гэта сапраўды польскія землі. Львоў, Луцк, Івана-Франкоўск, Тэрнопаль, Роўна. Гэтыя пяць абласцей заходняй украіны сёння штучна так называюцца, гэта польскія землі і трэба іх вярнуць палякам. Яны мараць».

Супадаюць з картай і яго словы аб Венгрыі і Румыніі.

«Венгры. Закарпацкая вобласць, Ужгарад, я там бываў. Там у асноўным венгерскае насельніцтва. Усе гавораць па-венгерску, таму Закарпацце можа плаўна адысці Венгрыі і венгры даўно хочуць і просяць. І нарэшце праблема ў румынаў - Бесарабія і Букавіна. Горад Чарнаўцы ніколі не належаў Украіне, а тым больш Расіі. Ізноў жа сталін часткова ўзяў і гэты рэгіён».

Поўдзень і ўсход Украіны на гэтай карце таксама аддадзены Расіі не палякамі, а Уладзімірам Жырыноўскім.

«Паўднёвы ўсход гэта Расея. І Крым ужо вярнуўся. Павінны яшчэ вярнуцца 7 абласцей. Гэта Херсон, Нікалаеў, Запарожжа, Луганск, Днепрапятроўск, Харкаў, Адэса».

У Польшчы, дарэчы, гэтую прапанову тады пракаментавалі проста.

«Расійскія правакацыі можна разглядаць як спробу пачатку варожасці паміж палякамі і ўкраінцамі, як дыскрэдытацыю палякаў, каб яны выглядалі ненадзейнымі ў Еўрапейскім Саюзе».

Сказілі заяву кіраўніцтва Эстоніі

А вось як маніпулюе і скажае інфармацыю тэлеграм-канал «Радыё Мір»

«У Эстоніі заявілі, што час бязвыплатнай дапамогі украінскім уцекачам заканчваецца.

Дзяржава шукае магчымасці размяшчэння бежанцаў у пустых будынках, у тым ліку ў былых інтэрнатах і дамах састарэлых, але, паводле слоў Генеральнага сакратара Міністэрства сацыяльных спраў Мааро Мяндмаа, людзі павінны здымаць жыллё і самастойна.

"Хачу патлумачыць для ўсіх: першая дапамога бежанцам аказвалася для таго, каб людзі змаглі адысці ад шоку, ад вайны, але трэба ўступаць і ў звычайнае жыццё, а гэтае жыццё нічым не адрозніваецца ад жыцця эстоназемельцаў. Таму бежанцы застаюцца тут, але за здымнае жыллё павінны будуць плаціць самі", - сказаў Мяндмаа». 

Тэлеграм-канал «Радыё Мір» амаль даслоўна скапіяваў паведамленне з эстонскай рускамоўнай крыніцы. Але падрэзаў фразу Генеральнага сакратара Міністэрства сацыяльных спраў. Вось як яна гучыць цалкам:

«Наша першае жаданне - каб людзі знайшлі сабе жыллё не пазней чым за месяц. Так, па правілах, калі яны яго не знойдуць, то дзяржава абавязана забяспечыць іх жыллём не менш як на чатыры месяцы. Але па заканчэнні гэтага тэрміна людзі павінны будуць знайсці грошы, каб аплочваць арэнду самастойна. Жадаю растлумачыць для ўсіх: першая дапамога бежанцам аказвалася для таго, каб людзі змаглі адысці ад шоку, ад вайны, але трэба ўступаць і ў звычайнае жыццё, а гэтае жыццё нічым не адрозніваецца ад жыцця эстоназемельцаў. Таму ўцекачы застаюцца тут, але за здымнае жыллё павінны будуць плаціць самі». 

Гэта значыць, выразалі словы аб тым, што Эстонія яшчэ чатыры месяцы будзе забяспечваць бежанцаў жыллём бясплатна. А значыць, час бязвыплатнай дапамогі ўкраінскім уцекачам у Эстоніі яшчэ не падыходзіць да канца, як пра гэта заявіў «Радыё Мір».

Эйсмант раскрыў таямніцу брытанскіх спецслужбаў, якую і так усё ведалі

Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант у эфіры праграмы «Клуб рэдактараў» на тэлеканале «Беларусь-1» выкрыў брытанскія спецслужбы.

«Нядаўна высветлілася, што брытанскія інструктары навучалі ўкраінскіх ваенных ужыванню зброі ў 2018 годзе. Задоўга да паставак Украіне процітанкавых гранатамётаў. Аб гэтым сведчаць дакументы, знойдзеныя «РІА Навіны» у тайніку ў Валнавахе Данецкай вобласці. Трэнінг праходзіў з 17 кастрычніка па 2 лістапада 2018 года і гэтак далей, і гэтак далей. Прапаганда і хлусня, скажуць украінскія сродкі масавай інфармацыі», – заявіў Эйсмант.

Праўда, пра тое, што брытанскія інструктары навучалі ўкраінскіх салдат, ведае нават Вікіпедыя. Гэта не таямніца. Пра гэта доўгія гады адкрыта расказвалі як украінскія, так і расейскія СМІ. Вось толькі пару прыкладаў.

2016-ы год. Брытанія працягнула праграму падрыхтоўкі ўкраінскіх вайскоўцаў праз «правакацыйныя дзеянні РФ».

2018-ы год. Расейскае інфармацыйнае агенцтва Інтэрфакс паведамляе, што брытанскія інструктары будуць трэніраваць украінскіх марскіх пяхотнікаў, лётчыкаў і маракоў.

2019-ы год. Рэпартаж «Радыё свабода» аб тым, як брытанскія інструктары трэніруюць украінскіх ваенных па стандартах НАТА.

2020-ы год. Брытанскія інструктары за пяць гадоў падрыхтавалі больш за 18 тысяч украінскіх вайскоўцаў.