Антыфэйк / фактчэк

07 лістапада 2023

Інтэрв'ю Лукашэнкі паглядзелі мільёны ботаў, а карэнная жыхарка Гомля апынулася кіберпенсіянеркай. Выкрыццё фэйкаў ад Media IQ

Партнёрскі матэрыял БРЦ і Media IQ.

Аўтары:
Рэдактары:

Фэйк №1: «Кіберпенсіянерка» пахваліла горад

Дата з'яўлення фэйка: 23.08.2023

Гомельскае выданне «Флагшток» выявіла, што ў газеце Гомельскага гарвыканкаму  «Гомельскія ведамасці» 23 жніўня апублікавалі партрэт нібыта пенсіянеркі, згенераваны штучным інтэлектам. «Карэнная жыхарка Гомля» хваліла горад.

Падазрэнне ўзнікла ў журналістаў праз падабенства «фота» з выявамі, згенераванымі нейрасеткамі, накшталт Midjourney: партрэт выглядае моцна адрэтушаваным, ненатуральным, канструкцыя каўнера блузкі жанчыны асіметрычная, а на размытым фоне адгадваюцца рысы амерыканскага або еўрапейскага гораду. 

Праверка сэрвісам aiornot.com пацвердзіла: ілюстрацыя штучная.

«Аўтарам матэрыялу ўказаная Святлана Цягунова, — піша “Флагшток". — Гэтым жа імем у газеце падпісаныя тэндэнцыйныя публікацыі пра заняпад заходніх краін, агляды культурных мерапрыемстваў і падзей у Гомлі. Верагодна, імя аўтара таксама з'яўляецца выдуманым. Святлана Цягунова не згадваецца на старонках газеты раней за сакавік 2023 года, а рэальнае фота такога карэспандэнта знайсці не ўдалося».

Усё гэта наводзіць на падазрэнне, што гераіня артыкула не існуе.

Гомельскае дзяржаўнае медыя ў адказ на выкрыццё скаардынавала ботаў, каб даказаць рэальнасць кіберпенсіянеркі. Замест прызнання фальсіфікацыі пад публікацыямі «Флагштока» ў сацсетках сталі з'яўляцца каментары, што пенсіянерка сапраўдная, проста яна вельмі добра выглядае. Як паказала праверка журналістаў, частка гэтых каментароў належыць супрацоўнікам ідэалагічных службаў, частка — ботам, гэта значыць фэйкавым акаўнтам.

Вось, да прыкладу, адзін з каментароў фэйкавага акаўнту:

«Бабулька-сімпапулька. Прыемна паглядзець, думаю без фільтра будзе выглядаць не горш. А да чаго перамыванне артыкула, цяпер моладзь фота без апрацоўкі не выстаўляе ў сеткі і гэта норм, а тут ужо ўсё — трагедыя».

А вось, што напісала, не хаваючы асобу, Кацярына Краўчанка — старшы інспектар аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лоеўскага райвыканкаму: «Як па мне фота сапраўднага чалавека, проста фота прафесійнае і фатографу рэспект. Проста трохі растушавалі фон і ярчэй адценні фарбаў».

Фэйк №2: У інтэрв'ю Лукашэнкі — мільёны праглядаў і дзясяткі тысяч каментароў на YouTube

Дата з'яўлення фэйка: 17.08.2023

Дзяржмедыі прасоўваюць інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі, якое ён даў 17 жніўня Дыяне Панчанка, расейскай прапагандыстцы з украінскім грамадзянствам, якая называе сябе ўкраінскай журналісткай. Супраць яе ва Украіне распачалі крымінальную справу. Беларускія дзяржмедыі распавядаюць пра мільёны праглядаў і дзясяткі тысяч каментароў пад відэаверсіяй інтэрв'ю на YouTube.

MediaIQ вывучыла статыстыку і каментары. Сумарна на розных каналах за тыдзень сапраўды набралася больш за 12 млн праглядаў. Мяркуючы па аднатыпнасці пастоў ад падазроных акаўнтаў з нікамі накшталт «user-*выпадковы набор сімвалаў*», высокія паказнікі забяспечаны мэтанакіраванай працай фэйкавых акаўнтаў.