На парадзе Перамогі 9 траўня 2025 года ў Маскве Беларусь прэзентуюць каля 70 ваяроў сіл адмысловых аперацый. Удзел у мерапрыемстве пацвердзіў і Аляксандр Лукашэнка. У інтэрв'ю старшыню міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» Радзіку Батыршыну 10 красавіка ён расказаў пра даўнюю традыцыю адзначаць Дзень Перамогі на дзве краіны.
— У вас ёсць традыцыя адзначаць Дзень Перамогі не толькі ў Менску, але і ў Маскве на Чырвонай плошчы. Скажыце, калі ласка, а як гэта традыцыя склалася? — спытаў журналіст.
— Традыцыя пачалася, таксама часта расказваў, з майго першага афіцыйнага візіту ў Маскву. Я ж пачынаў працаваць з першым прэзідэнтам Расейскай Федэрацыі Барысам Мікалаевічам Ельцыным. <…> І традыцыю гэту запусціў Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін, запрасіўшы даўным-даўно яшчэ нас на гэтыя парады. <…> І не бываць на Чырвонай плошчы, нават не таму, што гэта была адна перамога, а не бываць там, прадстаўляючы гераічны беларускі народ, гэта проста было б няслушна. Таму склалася такая традыцыя, што я заўсёды наведваю мерапрыемствы ў Расейскай Федэрацыі, — адказаў Аляксандр Лукашэнка.
Каманда WTF праверыла, ці сапраўды Аляксандр Лукашэнка кожны год свайго кіравання на 9 траўня ездзіў у Маскву, і высветліла, што традыцыі святкаваць Дзень Перамогі на дзве краіны ў яго няма.
Першы парад пасля распаду СССР у Маскве прайшоў у 1995 годзе на 50-я ўгодкі перамогі. На Чырвоную плошчу тады з'ехаліся кіраўнікі 56 краін. Згадак пра тое, што там быў Аляксандр Лукашэнка, мы не знайшлі. У той дзень у Менску праходзіў свой парад Перамогі і шэсце ветэранаў. У «Народнай газеце» за 11 траўня 1995 года на першай паласе апублікаваны фотаздымак Аляксандра Лукашэнкі з гэтага шэсця.
З той пары парады Перамогі на Чырвонай плошчы ў Маскве сталі штогадовымі. У 1996 годзе Лукашэнка прыехаў з першым афіцыйным візітам у Маскву. Магчыма, у той год ён і правёў Дзень Перамогі на Чырвонай плошчы. Зняпраўджанняў ці пацверджанняў гэтаму мы не знайшлі. Але ў наступныя гады 9 траўня ён заўсёды праводзіў у Менску. Нават юбілейныя даты, калі Крэмль запрашаў да сябе кіраўнікоў іншых дзяржаў, не сталі выключэннем. Гэта можна спраўдзіць у хроніках падзей на сайтах беларускага і расейскага прэзідэнтаў.
Напярэдадні свята ў 2005, 2010 і 2015 гадах Лукашэнка наведваў Маскву, але на 9 траўня вяртаўся ў Менск. У 2015-м ён патлумачыў гэта так:
«9 траўня я буду ў Менску, у нас свой такі парад Перамогі, як у Маскве. Недапушчальна, калі няма галоўнакамандуючага. Ніхто, апроч яго, паводле Канстытуцыі, не зможа прымаць парад».
Выключэннем стаў 2020 год, калі Лукашэнка адсвяткаваў 9 траўня ў Менску, але і на парад у Маскве таксама прыехаў, таму што з-за пандэміі ён прайшоў 24 чэрвеня. Толькі апошнія два гады — у 2023-м і 2024-м — Аляксандр Лукашэнка быў на ўрачыстасцях на Чырвонай плошчы наўпрост 9 траўня. Пасля іх ён вяртаўся ў Менск. З-за гэтага свята ў беларускай сталіцы пераносілі на вечар.