Антыфэйк / фактчэк

29 красавіка

Ці выратаваў Лукашэнка беларускае свінарства? Белстат супраць БелТА

Свінарства знаходзіцца на асабістым кантролі Лукашэнкі з верасня 2023 года.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 16.04.2025
Аляксандр Лукашэнка выратаваў беларускае свінарства, заявіла вядоўца ютуб-каналу БелТА Алена Крылова. Каманда Weekly Top Fake праверыла дадзеныя Белстату, каб высветліць, ці так гэта.

Пра паляпшэнне сітуацыі ў свінарстве Беларусі вядоўца ютуб-каналу БелТА Алена Крылова расказала 16 красавіка 2025 года.

«Дагэтуль свінарства ў Беларусі знаходзіцца ў няпростай сітуацыі. Гэта пытанне Аляксандру Лукашэнку давялося ўзяць на асабісты кантроль. І толькі дзякуючы ў час прынятым захадам сітуацыю паступова атрымалася стабілізаваць. І зараз аграрнікі з аптымізмам глядзяць у будучыню», – паведаміла вядоўца.

Аляксандр Лукашэнка ў верасні 2023 года на нарадзе скрытыкаваў сітуацыю ў свінарстве Беларусі і ўзяў яе на кантроль.

«Пагалоўе свіней зменшылася больш чым на 11% ці на 290 тыс. галоў. Найбольшае зніжэнне адзначаецца ў Гомельскай і Менскай вобласцях. Здыхата свіней павялічыўся практычна ў што другім раёне краіны. Колькасць прыплоду парасят скарацілася на 8%», – сказана ў справаздачы з нарады.

На той момант пагалоўе свіней, паводле дадзеных Белстату, складала амаль 2,5 млн. За час, які пытанне знаходзілася на кантролі ў Лукашэнкі, яно скарацілася. На 1 сакавіка 2025 года налічылі ўжо меней за 2 млн галоў. Белстат паведамляе, што за год – мінус 13%. Таксама на 16% зменшылася вытворчасць свініны ў жывой вазе. То бок сітуацыя не стабілізуецца, а пагаршаецца.

У 2024 годзе Беларусь вырабіла крыху больш за 400 тыс. тон свініны. Паводле новай распрацаванай дзесяцігадовай стратэгіі, у 2034 годзе свінакомплексы павінны выдаць ужо паўмільёна тон. Хоць па дзяржпраграме «Аграбізнес», на 2021–2025 гады чакалася, што столькі свініны і нават крыху больш будуць вырабляць ужо ў 2021 годзе.