Павольную працу YouTube у Расеі «Растэлекам» патлумачыў тэхнічнымі праблемамі: Google з краіны сышоў — свае серверы не абслугоўвае, а яны зношваюцца. Аднак некаторыя расейскія медыі са спасылкай на незалежныя крыніцы напісалі, што ўлады РФ наўмысна запавольваюць YouTube і рыхтуюцца да яго поўнага блакавання. Гэта пацвердзіў і кіраўнік камітэту Дзярждумы па інфармпалітыцы Аляксандр Хінштэйн. Ён заявіў, што хуткасць YouTube у Расеі сапраўды запавольваецца наўмысна праз антырасейскую палітыку хостынгу.
Гэтую навіну 16 ліпеня 2024 года ў эфіры «Радыё Менск» абмеркавалі вядоўца тэлеканалу «Беларусь 1» Андрэй Сыч, галоўны рэдактар «Менскага кур'ера» Кірыл Казакоў і вядоўца радыё Алёна Радоўская. Сыч кажа, што ў Расеі ёсць альтэрнатыўныя пляцоўкі, да прыкладу, Rutube.
— У іх цяпер выдатна развіта платформа VK, Rutube як глючыць, так і глючыць і працягвае гэта рабіць, — адзначыла Алёна Радоўская.
— Я не пагаджуся. Rutube ідзе нармальна, усё добра, — адказаў Кірыл Казакоў.
— Я шчыра спадзяюся, што яны яго паправяць... — дадаў Андрэй Сыч.
— Дык мы ўжо два гады шчыра спадзяемся, — запярэчыла Радоўская.
— Вы ведаеце, альтэрнатыўныя пляцоўкі ёсць. Тое, што яны дзесьці лагаюць і падвісаюць, гэта само сабой разумеецца. YouTube не адзін дзень будаваўся, — патлумачыў Сыч.
YouTube сапраўды развіваецца ўжо 19 гадоў. Відэахостынг запусцілі ў 2005 годзе як пляцоўку для загрузкі відэа карыстальнікаў. Затым яго купіў Google. Зараз платформу наведваюць больш за два мільярды карыстальнікаў у месяц.
Rutube маладзей YouTube усяго на год. Расейскі відэахостынг працуе з 2006 года. Яго запусцілі два прадпрымальнікі з гораду Арол. Затым Rutube купіў «Газпром-Медыя»: у 2008 годзе — кантрольны пакет акцый, а ў 2020-м — астатнюю частку. Інвестар абяцаў зрабіць расейскі відэахостынг не горшым за YouTube. За апошнія тры гады яго аўдыторыя вырасла ў 15 разоў і складае каля 50 млн карыстальнікаў у месяц.