Інфармацыю пра судовую пастанову, якую нібыта атрымала маці загінулага ўкраінскага жаўнера, аўтары тэлеграм-каналу «Шкварка News» апублікавалі 2 красавіка 2025 года.
«Жанчына з Кіеўскай вобласці напісала на надмагіллі загінулага пад Сумамі сына “Незаконна мабілізаваны”. Зараз яе цкуюць у сац сетках і патрабуюць прыбраць надпіс праз суд, інакш адміністрацыя могілкаў дэмантуе надмагілле», — напісалі аўтары посту.
У якасці доказу яны апублікавалі фотаздымкі надмагілля і выраку суда.
Нашу ўвагу прыцягнула афармленне дакументу. На пастанове суда абавязкова павінны быць паказаны рэквізіты ў верхнім правым куце, нумар справы і судовай вытворчасці. Апроч таго, суддзя павінен аргументаваць сваё рашэнне, спасылаючыся на адпаведныя нарматыўныя прававыя акты. Нічога з гэтага на прадстаўленым у посце дакуменце няма.
Каманда WTF праверыла, ці існуе такі дакумент. Мы шукалі яго ў адзіным рэестры судовых выракаў Украіны па даце вынясення: у гэты дзень суддзі з такімі прозвішчамі рашэнняў не выносілі. Пошук па прозвішчах суддзяў і ключавых словах у тэксце таксама не даў выніку.
З гэтага можна зрабіць выснову, што апублікаваны аўтарамі тэлеграм-каналу дакумент — фальшывы.