Антыфэйк / фактчэк

27 красавіка 2023

Фэйкі тыдня: Мабілізацыя ўкраінцаў пачалася ў Еўропе

Тэлеграм-канал «SB.BY Беларусь сегодня» размясціў фэйкавае відэа з былым генпракурорам Украіны з акопа.

Аўтары:
Рэдактары:
У Расеі прынялі закон, які дазваляе ваенкаматам дасылаць грамадзянам электронныя позвы замест таго, каб уручаць іх асабіста. Гэта выклікала рэзананс у расейскім грамадстве. У Беларусі дзяржСМІ на гэта таксама адрэагавалі. Напрыклад, тэлеграм-канал «SB.BY. Беларусь сегодня» размясціў відэа пра тое, як сурова мабілізуюць украінцаў.

«Паркоўка на трасе побач з Варшавай. Прыехала польская прыватная кампанія Rutkоwski PAtroll. Сталі выцягваць і пакаваць пэўных мужчын у свае аўто. На пратэсты палякаў сказалі, ёсць спецыяльны дакумент. Упакаваных прадпісана даставіць на мяжу Украіны. Мабілізацыя збеглых украінцаў пачалася ў Еўропе?» 

Цяпер разбіраемся, што праўда, а што не. Тое, што гэта красавік - гэта праўда. І тое, што справа адбываецца на паркоўцы - таксама. А вось усё астатняе - выдумка. Мы знайшлі відэа гэтай гісторыі ў іншай крыніцы. Вось яно. 

Людзі на расейскай мове патрабуюць грошай. А само відэа ў фэйсбуку называецца «Лукмаз, Агмаз і імперыя разбураецца». І размясцілі яго 9 красавіка ў групе «Расейскамоўныя Кіроўцы Эўропы. Дальнабойнікі».

ЛУК МАЗ, АГМАЗ і Імперыя Лагістыка - гэта назвы польскіх лагістычных фірм. Дальнабойшчыкі, якія на іх працуюць, арганізавалі забастоўку на паркоўцы ў Германіі з-за нявыплаты зарплаты і заблакіравалі там польскія фуры.

Прадстаўнік лагістычных кампаній прыехаў туды ў суправаджэнні польскай прыватнай аховы Rutkowski Patrol. Завязалася бойка, якую і паказаў "SB.BY Беларусь сегодня". На месца прыехала нямецкая паліцыя і ўсіх разняла. Сама гісторыя атрымала шырокі рэзананс у нямецкай прэсе. Украіна ж і мабілізацыя ў гэтай гісторыі ўвогуле ніяк не замяшаныя.

З'явілася відэа з былым генпракурорам Украіны са шнарам і з сінякамі

У Тэлеграм-канал «SB.BY Беларусь сегодня» размясцілі відэа з былым генпракурорам Украіны з акопа.

«Былы генпракурор Украіны асарамаціўся негеройскім ролікам са шрамам. Што ён курыў? Такім пытаннем задаюцца нават украінцы. Экс-генпракурор Украіны заклікае рыхтавацца да вайны. Але шнар з сінякамі відавочна намаляваны дзіцячай акварэллю. Грым і гукі касмічных баёў рассмяшылі Інтэрнэт».

Такія ж ролікі апублікавалі выданні «Аргументы і факты» і «Лайф.ру».

У відэа паказаная крыніца - ціктокаўскі акаўнт, які цалкам складаецца з саркастычных дыпфейкаў на Луцэнка, Парашэнка, Яцанюка і іншых украінскіх палітыкаў. Тое, што тут забаўляюцца накладаннем на відэа спецэфектаў, ніхто нават не хавае.

А вось і арыгінал гэтага відэа. Яго выклала прэс-сакратарка Юрыя Луцэнка ў жніўні мінулага года. І там ён без грыму.

Кітай хоча падзяліць Расею 

Візіт кіраўніка Кітая Сі Цзіньпіна ў Расею расейская прэса расцэньвае няйначай як тое, што ў Расеі зараз ёсць саюзнік у вайне. А рэжысёр, а зараз яшчэ і ютуб-блогер, Андрэй Курэйчык знайшоў пацвярджэнне зваротнаму і расказаў, што Кітай хоча падзяліць Расею.

«Кітайскае дзяржаўнае тэлебачанне паказала варыянт таго, як Расея будзе падзелена паміж іншымі краінамі. Магчыма, паводле вынікаў гэтай вайны. Дарэчы, нядрэнны падзел».

Гэтая карта падзелу Расеі гуляла па ўкраінскіх пабліках яшчэ год таму.

Але гэта фоташоп. Гэта можна западозрыць, калі перавесці хаця б праз гугл-перакладчык кітайскія тытры. Яны ўсё прысвечаны рынку і фінансам, а вядучы падпісаны як інвестыцыйны кансультант. 

Калі пагугліць, можна даведацца, што гэтая карта была размешчана ў інтэрнэце яшчэ як мінімум 3 гады таму, задоўга да поўнамаштабнага ўварвання. І яна паказвае, якая краіна бліжэй да чалавека ў залежнасці ад таго, у якім пункце Расеі ён знаходзіцца.

Кітайскія СМІ ўжо ўстанавілі асобу і нібыта вядучага. Ён сапраўды інвестыцыйны кансультант, з яго ўдзелам выходзяць відэа ў адным з фінансавых дадаткаў. Мабыць, яго выяву ўзялі адтуль і наклалі на карту.

Тое самае арыгінальнае відэа з ім ужо выдалілі. Але, на шчасце, архіў інтэрнета ўсё памятае. Вось так выглядаў скрыншот таго арыгінальнага відэа ў 2021 годзе.

Дзякуючы дзяржрэгуляванню коштаў Беларусі ўдалося знізіць інфляцыю

У Беларусі па выніках першых двух месяцаў года рэальныя даходы насельніцтва аказаліся ніжэйшыя, чым год таму. І на гэтым фоне палітолаг Аляксей Аўдонін у сваёй аўтарскай рубрыцы на «Беларусь-1» працытаваў словы міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксея Багданава аб тым, як дзякуючы дзяржрэгуляванню коштаў дзяржаве ўдалося знізіць інфляцыю.

«Увядзенне новай сістэмы рэгулявання коштаў дазволіла знізіць інфляцыю і павялічыць долю продажаў айчынных тавараў. У кастрычніку 2022 года інфляцыя была на ўзроўні 17, 5%. Да канца года - ужо 12,8%. А ў сакавіку 2023 года інфляцыя выйшла на прымальны ўзровень у 6%». 

Сам Нацбанк лічыць інакш. Вось што ён піша на сваім сайце:

«Значнае памяншэнне дадзенага паказчыка звязана з выключэннем з разліковага перыяду дадзеных за сакавік 2022 г., калі на працягу месяца назіраўся паскораны рост спажывецкіх коштаў. Бягучая інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў застаецца ўмеранай».

На графіцы бачна, што інфляцыя ў Беларусі рэзка падскочыла менавіта ў сакавіку мінулага года і дасягала 14%. Далей інфляцыя ўжо так не расла, але гадавую статыстыку той сакавік псаваў. Цяпер дрэнны месяц проста выпаў з статыстыкі - яе лічаць за 12 месяцаў, гэта значыць, з красавіка 2022 па сакавік 2023 года.

Акрамя таго, па графіку вельмі добра бачна, што пасля ўсплёску інфляцыя вярнулася ў свой звычайны стан яшчэ да ўвядзення дзяржрэгулявання цэн, гэта значыць да кастрычніка мінулага года.

Кіраўнік ААН прадказвае свету голад

Расея заблакавала тры сухагрузы, якія перавозяць збожжа з Украіны. І на гэтым фоне на «Беларусь-1» заявілі, што кіраўнік ААН Антоніу Гутэрыш прадракае свету голад і зыход цэлых народаў у біблейскіх маштабах. 

«Наступствы ўсяго гэтага неймаверныя. Нізінныя абшчыны і цэлыя краіны могуць знікнуць назаўжды. Мы сталі б сведкамі масавага зыходу цэлых народаў у біблейскіх маштабах.

Кантраляваны голад ідзе поплеч з ростам міграцыйных патокаў. А прычына ўсяго гэтага ў тым, што Украіна разбалансавала міжнародную сістэму харчовай бяспекі - бо яна вывезла занадта шмат свайго збожжа... У 2022 годзе з Украіны на Захад вывезлі 45 млн тон збожжа».

На думку Сыча, гэта абваліла цэны на зерне на сусветным рынку і заходнім фермерам стала нявыгадна працаваць. А значыць, яны менш пасадзяць і вырасцяць - у выніку ўраджай будзе меншым.

Але насамрэч Украіна вывезла не так шмат збожжа. Спрабуючы зразумець, адкуль Сыч узяў гэтыя дадзеныя, мы выявілі, што ў лютым пра гэта пісала расейская прэса - агенцтва ТАСС і газета «Ізвесція».

«Ізвесція» спасылаецца на сумесную заяву ўдзельнікаў саміту «ЕС - Украіна», які адбыўся ў Кіеве 3 лютага.

Мы вывучылі гэтую заяву, але ўбачылі там зусім іншыя лічбы.

«У перыяд з мая па снежань 2022 года на сусветныя рынкі было дастаўлена больш за 23 млн тон ўкраінскага збожжа, алейных культур і іншай прадукцыі».

Гэта значыць, насамрэч удвая менш. Пра 45 млн тон там таксама гаворыцца. Але гэта ўвесь экспарт розных украінскіх тавараў у ЕС. Гэта значыць, расейскім дзяржСМІ чамусьці хацелася паказаць, што Украіна вывозіць на Захад нашмат больш збожжа, чым насамрэч.

Акрамя таго, і без Украіны ў мінулым годзе ў свеце сабралі рэкордны ўраджай пшаніцы. І гэта заканамерна знізіла кошты на яго.

Ды і словы Гутэрыша таксама аказаліся сфальсіфікаванымі. 

«Мы сталі б сведкамі масавага зыходу цэлых народаў у біблейскіх маштабах». 

Ён гэта казаў не аб голадзе і ўкраінскім збожжы, а аб клімаце і павышэнні ўзроўню мора. Вось яго поўная цытата:

«Наступствы ўсяго гэтага неймаверныя. Нізінныя абшчыны і цэлыя краіны могуць знікнуць назаўжды. Мы сталі б сведкамі масавага зыходу цэлых народаў у біблейскіх маштабах. І мы ўбачым яшчэ больш жорсткую канкурэнцыю за прэсную ваду, зямлю і іншыя рэсурсы. Ваша правасхадзіцельства, наступствы павышэння ўзроўню мора ўжо ствараюць новыя крыніцы нестабільнасці і канфліктаў.

Навукоўцы б'юць трывогу, таму што глабальны ўзровень мора ў XX стагоддзі падвышаўся хутчэй, чым у любое іншае стагоддзе за апошнія 3 тысячы гадоў, а сусветны акіян награваўся хутчэй, чым калі-небудзь за апошнія 11 тысяч гадоў. У выніку нагрэтая вада пашыраецца і выходзіць з берагоў, плюс хутчэй растаюць леднікі. І гэта можа стаць вялікай праблемай для такіх краін як Бангладэш, Кітай, Індыя і Нідэрланды».