Выпуск «Клуба рэдактараў», дзе старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант падаў доказы перапісвання гісторыі ва Украіне, выйшаў 21 чэрвеня 2024 года.
— У інтэрнэце зачапілася вока за адно відэа. Гэта экскурсія дзесьці ва Украіне. Я так разумею, дзецям. У Барыспалі. Распавядаюць, хто напаў, а хто вызваліў. Давайце паслухаем, — прапанаваў Эйсмант.
Далей закадравы голас распавёў: «У Другой сусветнай вайне ў Барыспалі вяліся вельмі моцныя баі. І горад у 1941 быў захоплены. Захапілі савецкія войскі, а праз два гады, у 1943-м наш горад вызвалілі сілы ўкраінскай акругі, вызвалілі вашых продкаў ад акупацыі».
— Хто не пачуў, у 41 годзе савецкія войскі акупавалі Украіну, а ў 43-м нацыяналісты вызвалілі. Перавернута ўсё тут, — пракаментаваў Іван Эйсмант.
— Поўная хлусня, там нават калі паглядзець на фотаздымак, — «Антэй», самалёт, які быў пабудаваны толькі ў 70-я гады. То бок, гэта поўная гебельсаўская салянка, — дадаў палітолаг Вадзім Ялфімаў.
Відэа знята ў Барыспальскім дзяржаўным гістарычным музеі. На сайце ўстановы пра гады Другой сусветнай вайны напісана, што два гады — з верасня 1941 па верасень 1943 — Барыспаль быў пад гітлераўскай акупацыяй, а не пад савецкай.
Каманда Weekly Top Fake звязалася з музеем і папрасіла пракаментаваць сказанае на відэа. Там адказалі:
«Голас за кадрам не належыць нікому з нашых работнікаў. У экскурсіях і публікацыях супрацоўнікі музею прытрымліваюцца сучаснага наратыву Другой сусветнай вайны пра агульную адказнасць двух таталітарных рэжымаў за яе дазвол, пра двухгадовую акупацыю гораду гітлераўцамі падчас нямецка-савецкай вайны».
Таксама супрацоўнікі музею звярнулі ўвагу, што відэа знята каля стэнду, прысвечанага 50-60-м гадам ХХ стагоддзя. Але голас за кадрам чамусьці распавядае пра Другую сусветную.