Антыфэйк / фактчэк

26 мая

Вядоўца АНТ папракнула Захад, што ў іх няма свята Дзень Перамогі. Праверылі, што яны святкуюць

Наталля Макарэвіч заявіла, што заходнія краіны адзначаюць Дзень прымірэння.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 13.05.2025
Чаму краіны Захаду замест Дня Перамогі святкуюць Дзень прымірэння? Такім пытаннем задалася вядоўца АНТ Наталля Макарэвіч. Каманда Weekly Top Fake праверыла, як хаўруснікі СССР па антыгітлераўскай кааліцыі ў гады Другой сусветнай вайны называюць 8 траўня.

Гаворка пра назву святаў у краінах Еўропы зайшла падчас гутаркі вядоўцы АНТ Наталлі Макарэвіч з вядучай навуковай супрацоўніцай Цэнтру вайсковай гісторыі Беларусі Аляксандрай Кузняцовай-Ціманавай 13 траўня 2025 года ў перадачы «Твар да твару». 

«Чаму краіны, якія былі тады нашымі хаўруснікамі, адзначаюць гэты дзень не разам з намі, хай гэта будзе 8 траўня, але гэта Дзень прымірэння, не Перамогі. З кім яны мірацца і чаму так не хочуць разам з намі святкаваць?» — спытала вядоўца праграмы.

У ЗША, паводле дэкларацыі прэзідэнта Доналда Трампа, з 2025 года 8 траўня называецца Днём перамогі ў Другой сусветнай вайне. Але і раней гэта быў дзень Перамогі — Дзень перамогі ў Еўропе. 

У Францыі афіцыйная назва свята — Дзень Перамогі 1945 года. У Вялікай Брытаніі 8 траўня святкуюць Дзень Перамогі ў Еўропе. Польшча з 2015 года 8 траўня афіцыйна адзначае Нацыянальны дзень перамогі (раней свята называлася ў іх Нацыянальны дзень перамогі і волі). Чэхія называе 8 траўня проста Дзень Перамогі. 

У Літве і Латвіі адзначаюць Дзень памяці ахвяр Другой сусветнай вайны. У Латвіі ў дадатак ёсць Дзень перамогі над нацызмам.

Днём прымірэння 8 траўня не называюць і ў краінах гітлераўскай кааліцыі. У Нямеччыне, Аўстрыі і Італіі — гэта Дзень вызвалення. Толькі Італія святкуе яго 25 красавіка. 

Свята з назвай Дзень прымірэння 8 і 9 траўня абвясціла ў 2004 годзе толькі Арганізацыя Аб'яднаных Нацый у памяць пра загінулых у Другой сусветнай вайне. Як гаворыцца ў рэзалюцыі ААН, для прыгадвання ўсіх высілкаў па мірным урэгуляванні спрэчак. Пры гэтым арганізацыя асабліва падкрэслівае, што нельга забываць Халакост і іншыя злачынствы, здзейсненыя нацыстамі.